Logo Polskiego Radia
Print

Праваабаронцы ствараюць анлайн-мапу дзедаўшчыны

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 24.10.2017 18:40
  • Праваабаронцы ствараюць анлайн-мапу дзедаўшчыны.mp3
Усіх былых і цяперашніх ваеннаслужачых заклікаюць запоўніць анкету на тэму правапарушэньняў у беларускай арміі.
Малюнак: Габрыель Прэабражэнскі/kurjer.infoМалюнак: Габрыель Прэабражэнскі/kurjer.infokurjer.info

Беларускія праваабаронцы ствараюць інтэрактыўную мапу дзедаўшчыны. Яны хочуць высьветліць,у якіх вайсковых частках праблема нестатутных адносінаў зьяўляецца найбольш вострай, а таксама якія парушэньні здараюцца ў арміі найбольш часта. Усіх сучасных і былых жаўнераў праваабаронцы заклікаюць запоўніць анлайн-анкету. З ініцыятарамі стварэньня мапы дзедаўшчыны, актывістамі грамадзкага аб’яднаньня «Прававая ініцыятыва» размаўляе Аляксандар Папко.

Заняцца стварэньнем анлайн-мапы дзедаўшчыны сябраў аб’яднаньня «Прававая ініцыятыва» прымусіла забойства жаўнера Аляксандра Коржыча, які загінуў на пачатку кастрычніка ў вучэбным цэнтры ў Печах.

Ніводная праваабарончая арганізацыя дагэтуль ўсур’ёз на займалася дасьледаваньнем нестатутных адносінаў у арміі – тлумачыць Старшыня «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава. Грамадзкія актывісты вырашылі сабраць дадзеныя праз анлайн-анкету, апублікаваную на старонцы арганізацыі ў сацыяльнай сетцы.

Вікторыя Фёдарава: На дадзены момант ніводная праваабарончая арганізацыя не займаецца пытаньнямі службы ў арміі. Таму мы вырашылі правесьці маніторынг: даведацца, наколькі часта ў арміі сустракаюцца нестатутныя адносіны, у якіх частках яны распаўсюджаныя, а таксама якія яшчэ праблемы сустракаюцца.

Праваабаронцы пытаюць у сучасных і былых беларускіх жаўнераў, ці існавала ў іх частках нефармальная іерархія ўлады, ці мелі месца вымагальніцтва, пабоі альбо маральныя прыніжэньні. Калі так, то хто іх зьдзяйсьняў: жаўнеры ранейшых прызываў, сяржанты, прапаршчыкі альбо афіцэры? Праваабаронцы таксама цікавяцца, ці спрабавалі камандзіры змагацца з дзедаўшчынай альбо заплюшчвалі на яе вочы.

Усім тым, хто запоўніў анкету, праваабаронцы гарантуюць ананімнасьць. Аднак сябры «Прававой ініцыятывы» просяць указаць імя й нумар часткі, у якой чалавек служыў. Гэта патрэбна, каб упэўніцца, што асоба, якая запаўняла анкету, сапраўды была ў войску.

Вікторыя Фёдарава: Многія хочуць замаўчаць дзедаўшчыну, забыцца пра яе, не прыцягваць увагу. Асабліва гэта датычыць тых, хто ў гэты момант служыць у арміі ці адслужыў нядаўна. У анкеце мы адразу гаворым, што пэрсанальныя дадзеныя ніякім чынам ня будуць разгалошвацца. Адразу пасьля публікацыі анкеты нам пачалі пісаць людзі, не ўказваючы сваіх імёнаў і нават воінскіх частак. Аднак такія анкеты мы прыняць ня можам. Мы хочам зразумець, у якіх частках адбываюцца парушэньні.

Вынікам працы павінна стаць мапа вайсковых частак, дзе выпадкі нестатутных адносінаў здараюцца найбольш часта. Праваабаронцы спадзяюцца, што сабраная інфармацыя дазволіць даведацца і пра асноўныя тыпы парушэньняў закону, якія адбываецца ў войску.

Аднак пакуль што рана казаць пра тое, колькі працягнецца збор дадзеных і якія вынікі прынясе. За сем дзён анлайн-анкету запоўнілі толькі 44 асобы. Відавочна, людзі баяцца – кажа Вікторыя Фёдарава.

Вікторыя Фёдарава: Пакуль мы маем вельмі малы вынік. З тых некалькіх дзесяткаў водгукаў, якія мы атрымалі, зрабіць аб’ектыўныя высновы нельга. Таму мы чакаем далейшых водгукаў. Калі мы атрымаем інфармацыю пра вялікую колькасьць парушэньняў, то мы працягнем нашую дзейнасьць. Магчыма, мы ня толькі будзем патрабаваць выпраўленьня гэтых парушэньняў, але й рэформаў вайсковай службы.

Праваабаронца заклікае журналістаў і звычайных грамадзянаў перадрукоўваць анкету на сваіх сайтах, блёгах і сацыяльных сетках.

Дзедаўшчыну можна выкараніць толькі тады, калі войска стане больш адкрытым для грамадзтва – перакананы сябра Прававой ініцыятывы Леанід Судаленка. Анлайн-анкета можа дапамагчы даведацца, што насамрэч адбываецца за дзьвярыма вайсковых частак.

Леанід Судаленка: Ня толькі нестатутныя адносіны, але нават бытавыя ўмовы ў арміі – гэта закрытая тэма. Напрыклад, чаму мой сын павінен мыцца ў цёплай вадзе ўсяго адзін раз на тыдзень? Яму 19 гадоў, ён згодны ісьці ў войска, але ён мае права патрабаваць атрымаць магчымасьць прымаць цёплы душ хаця б раз на дзень. А армія ня можа яму гэтага забясьпечыць, як і шматлікіх іншых рэчаў. А наогул, калі казаць пра зьмены, то трэба прапісаць у законе абавязковыя звальненьні жаўнераў да бацькоў – хаця б раз на месяц. Жаўнер павінен адчуць хатняе цяпло, а таксама паскардзіцца, калі ў яго частцы ёсьць дзедаўшчына. Тады б не было такіх страшных забойстваў, якое мы пабачылі ў Печах.

Рэзанансныя падзеі, на жаль, доўга не трымаюцца на слыху – кажа Вікторыя Фёдарава. Журналісты, жаўнеры ды іх бацькі надалей павінныя ўздымаць тэму дзедаўшчыны, каб трагедыя, кшталту гібелі Алясандра Коржыча не забылася й не паўтарылася – падкрэсьлівае праваабаронца.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт