Logo Polskiego Radia
Print

Польскі фонд імя Касьцюшкі ўручыў мэдаль беларусу Аляксандру Сапегу

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.10.2017 13:38
Гэта ўжо другая ўзнагарода за тыдзень, якую ініцыятар устаноўкі помніка Касьцюшку атрымаў ад польскіх грамадзкіх арганізацыяў.
Аляксандар Сапега ля пахаваньня сэрца Касьцюшкі ў Каралеўскім замку ў Варшаве. Фота са старонкі Аляксандра ў сацсетцы Facebook. Аляксандар Сапега ля пахаваньня сэрца Касьцюшкі ў Каралеўскім замку ў Варшаве. Фота са старонкі Аляксандра ў сацсетцы Facebook. www.facebook.com/profile.php?id=100009462515116

Варшаўскае прадстаўніцтва Фонду імя Тадэвуша Касьцюшкі ўручыла памятны мэдаль Аляксандру Сапегу. Аляксандар зьяўляецца старшынём Асацыяцыі беларусаў Швэйцарыі, ініцыятарам устаноўкі помніка Тадэвушу Касьцюшку ў швэйцарскім горадзе Залятурн, дзе генэрал правёў апошнія гады жыцьця. Узнагарода была ўручана ў Каралеўскім замку ў Варшаве ў прысутнасьці беларускіх дыпляматаў. Аляксандар Сапега расказаў Польскаму радыё падрабязнасьці цырымоніі й падзяліўся плянамі на будучыню.

За ўшанаваньне памяці нацыянальнага героя Беларусі, Летувы, Польшчы й ЗША генэрала Тадэвуша Касьцюшкі польская грамадзкая арганізацыя ўручыла мэдаль лідару беларускай суполкі Швэйцарыі Аляксандру Сапегу. Гэта ўжо другі мэдаль, які беларус атрымаў на працягу тыдня. Некалькі дзён таму яго ўзнагародзіў Фонд імя Тадэвуша Касьцюшкі ў Кракаве.

На ўручэньні памятнага мэдалю, прымеркаванага да 200 гадавіны сьмерці гэнэрала Касьцюшкі, прысутнічаў кіраўнік Беларускага культурнага цэнтру ў Варшаве Міхаіл Рыбакоў. Пасьля ўручэньня мэдалю й ганаровай граматы Аляксандар Сапега прыняў удзел у гістарычнай канфэрэнцыі, прысьвечанай кіраўніку паўстаньня 1794 году.

Першапачатковая вэрсія надпісу на помніку Касьцюшку ў Залятурне не спадабалася польскім дыпляматам. У выніку польская й беларуская грамада праводзілі ўрачыстасьці, прымеркаваныя да гадавіны сьмерці генэрала, асобна, а надпіс было вырашана зьмяніць. Аднак з польскімі грамадзкімі арганізацыямі Аляксандар Сапега надалей падтрымлівае цёплыя адносіны.

Аляксандар Сапега: Я думаю, усе чулі пра канфлікт з-за надпісу на новым помніку Тадэвушу Касьцюшку ў Швэйцарыі. Аднак гэты канфлікт датычыць толькі афіцыйных асобаў. Калі пытаць саміх палякаў, а таксама фонды імя Тадэвуша Касьцюшкі ў Польшчы, то яны заўсёды падтрымлівалі нас. Нядаўна я атрымаў мэдаль ад Фонду імя Тадэвуша Касьцюшкі ў Кракаве, а гэтым разам у Каралеўскім замку, дзе зараз спачывае сэрца Касьцюшкі, я атрымаў мэдаль ад Фонду імя Тадэвуша Касьцюшкі ў Варшаве. На цырымоніі прысутнічалі польскія вайскоўцы, прадстаўнікі фондаў, а таксама беларускай амбасады. Гэта была афіцыйная сустрэча.

Памятны
Памятны мэдаль, уручаны Фондам імя Тадэвуша Касьцюшкі ў Варшаве. Фота са старонкі Аляксандра Сапегі ў сацсетцы Facebook.


Аляксандар Сапега зазначыў, што ў канфлікце вакол надпісу на помніку Касьцюшку пастаўлена кропка й Асацыяцыя беларусаў Швэйцарыі ня мае намеру яго працягваць. Аднак грамадзкі актывіст па-ранейшаму перакананы, што спрэчка выбухнула па віне польскіх дыпляматаў.

Аляксандар Сапега: З польскімі грамадзтвам, з польскімі грамадзкімі фондамі мы ніколі не сварыліся. А ў канфлікце з афіцыйнымі ўладамі Польшчы мы паставілі кропку. Мы спрабуем не працягваць гэты канфлікт, хоць пытаньні яшчэ застаюцца. Хтосьці з бакоў раней ці пазьней павінен быў сказаць «хопіць», нават калі ёсьць контраргумэнты й факты (а яны ёсьць, толькі мы іх не паказваем). Мы ня будзем працягваць гэты канфлікт. Гэта не патрэбна ані палякам, ані нам, ані Касьцюшку.

Аўтар курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка нядаўна абвясьціў збор сродкаў на ўстаноўку помніка Касьцюшку на радзіме генэрала ў маёнтку Мерачоўшчына на Берасьцейшчыне. Аляксандар Сапега заклікаў падтрымаць гэтую ініцыятыву.

Аляксандар Сапега: Я заклікаю ўсіх неабыякавых беларусаў, палякаў, летувісаў ахвяраваць хаця б сымбалічную суму на стварэньне гэтага помніку. Я таксама яго падтрымліваю.

Аляксандар Сапега таксама зьяўляецца ініцыятарам перапахаваньня парэшткаў вядомай беларускай мэцэнаткі Магдалены Радзівіл. У ліпені 2017 году скрыню з прахам князёўны прывезьлі са Швэйцарыі ў Беларусь з мэтай пахаваць яго ў Касьцёле Сьвятых Сымона й Алены ў Менску. Аднак дазволу на пахаваньне пакуль ня далі ані гарадзкія ўлады, якім належыць храм, ані ўлады Каталіцкага касьцёлу, якія загадваюць сьвятыняй.

Да справы перапахаваньня Магдалены Радзівіл ужо падключылася Міністэрства замежных справаў Беларусі – кажа Аляксандар Сапега.

Аляксандар Сапега: Міністэрства замежных справаў Беларусі цяпер працуе над гэтым пытаньнем. Справа ідзе. Я пакуль не магу агучваць дэталяў. У дадзеным момант я еду ў цягніку Берасьце-Менск. Я прыехаў у Беларусь, каб зноў асабіста займацца гэтай справай.

Пасьля адкрыцьця помніку Тадэвушу Касьцюшку і перапахаваньня парэшткаў Магдалены Радзівіл старшыня Асацыяцыі беларусаў Швэйцарыі не зьбіраецца спыняць грамадзкую дзейнасьць. Бліжэйшым часам Аляксандар Сапега зоймецца пахаваньнем мужа беларускай мэцэнаткі Мікалая Радзівіла. «Яго парэшткі ў сямейнай капліцы ў вёсцы Кухцічы проста раскіданыя па зямлі. Мы ўжо атрымалі дазвол ад Радзівілаў перапахаваць іх і ўпарадкаваць магілу», – паведаміў Аляксандар Сапега.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт