Logo Polskiego Radia
Print

«Ва ўладзе зьявіліся людзі, якія хочуць большай прысутнасьці беларускай мовы»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 15.11.2017 10:19
  • «Ва ўладзе зьявіліся людзі, якія хочуць большай прысутнасьці беларускай мовы».mp3
І яны настойліва спрабуюць данесьці сваё меркаваньне да Лукашэнкі – адзначае палітоляг.
Фота: Радыё "Свабода"Фота: Радыё "Свабода"svaboda.org

Беларускія ўлады пачало трывожыць зьнікненьне беларускай мовы. На мінулым тыдні ў рэдакцыі галоўнай дзяржаўнай газэты краіны адбылася дыскусія за гэтай нагоды. Заходнія эканамісты выдалі ўмерана аптымістычны прагноз наконт эканамічнага росту Беларусі, амбасадар Польшчы паведаміў, што Карты паляка атрымалі каля 100 тысячаў беларускіх грамадзянаў. Ці ўлады сапраўды вырашылі вярнуць беларускую мову ў грамадзкую сфэру? Ці пагражае Беларусі масавая эміграцыя? Калі эканамічнае становішча ў краіне паправіцца? На гэтыя ды іншыя тэмы ў «Палітычным люстэрку» разважаюць заснавальнік Цэнтру новых ідэяў палітоляг Рыгор Астапеня і Аляксандар Папко.

Стаўленьне ўладаў да беларускай мовы зьмяняецца?

«Лёс беларускай мовы павінен стаць агульным клопатам для ўсяго грамадзтва» – пад такім загалоўкам «Советская Белоруссия» апублікавала дыскусію на тэму ўратаваньня беларускай мовы. Пра тое, як вярнуць беларускую мову ў грамадзкую сфэру, размаўлялі гісторык Леанід Лыч, мастак Мікола Купава, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, праўладны палітык Алег Гайдукевіч і дэкан факультэту філязофіі БДУ Вадзім Гігін. Ці правядзеньне круглага стала сьведчыць пра тое, што беларускай мовы ў адукацыі й адміністрацыі стане больш? Альбо ўсё скончыцца толькі на размовах, як нядаўна згасьлі спробы вярнуць выкладаньне на беларускай мове ўсяго двух школьных прадметаў – «Гісторыі Беларусі» й «Геаграфіі»?

Рыгор Астапеня: Перадусім гэта сьведчыць пра тое, што ўнутры сыстэмы хапае людзей, якія хацелі б большай прысутнасьці беларускай мовы ў грамадзкай сфэры. Больш за тое, яны публічна артыкулююць гэта жаданьне й абгрунтоўваюць яго ў тым ліку грамадзкім попытам. Паводле сацыялягічнага дасьледаваньня, якое было апублікаванае ў новай кнізе Кірыла Рудага, больш чым траціна беларусаў асьцерагаецца страты нашай тытульнай мовы. І гэтыя людзі не абавязкова належаць да Партыі БНФ, як можа паказваць прыклад Ігара Марзалюка. Ці гэта прывядзе да сапраўдных зьменаў? Я думаю, што гэта занадта доўгі працэс і выглядае, што рашэньне па ім можа быць прынятае толькі на самым высокім узроўні, да якога яшчэ трэба дакрычацца. Таму хуткіх зьменаў я бы не чакаў.

Выкараскацца з эканамічнай ямы дапамогуць толькі рынкавыя рэформы

Эканамічны рост у Беларусі па выніках 2017 году складзе 2%. Такія дадзеныя 9 лістапада агучыў Міжнародны валютны фонд. Раней МВФ прагназаваў рост усяго ў 0,7%. Ці двухпрацэнтны рост дае надзею на паляпшэньне эканамічнага становішча? Ці ёсьць шанец на тое, што эканамічны застой у Беларусі хутка завершыцца?

Рыгор Астапеня: Надзею гэта, безумоўна, дае, бо ў любым разе гэта лепш, чым было ў апошнія некалькі гадоў, і лепш, чым плянавалася. Праблема толькі ў тым, што эканамісты кажуць, што гэты рост мае аднаўляльны характар. То бок ягоны эфэкт досыць хутка скончыцца, калі ўжо ня скончыўся, а эканоміка патрабуе новых стымулаў у выглядзе рэформаў. І нават калі мы ўявім, што беларуская эканоміка будзе надалей расьці на 2% штогод, то гэта, па вялікім рахунку, нічога звышдобрага не азначае. Каб выбрацца з нашай беднасьці тэмп павінен быць куды больш інтэнсіўны.

Беларусі пагражае масавая эміграцыя

Каля 100 тысячаў грамадзянаў Беларусі атрымалі Карту паляка. Пра гэта 10 лістапада ў інтэрвію Радыё «Свабода» паведаміў амбасадар Польшчы Конрад Паўлік. Ці сьведчыць гэтая лічба пра высокія эміграцыйныя настроі? Ці эміграцыя можа стварыць пагрозу эканамічнай стабільнасьці Беларусі?

Рыгор Астапеня: Так, гэта акурат сьведчыць, што ўсё больш людзей ня зьвязвае надзеі на дабрабыт з магчымасьцямі ўнутры сваёй краіны. Гэта неабавязкова значыць, што ўсе яны заўтра зьедуць, але працоўная міграцыя ў Польшчу становіцца ўсё больш заўважальнай зьявай. Калі казаць пра эканамічную стабільнасьць, то гэта безумоўна і пагроза, і палёгка. Пагроза ў тым, што Польшча вымывае беларускія працоўныя кадры. А палёгка для стабільнасьці ў тым, што Беларусь пакуль не мае магчымасьці працаўладкаваць гэтыя ж кадры. У любым разе гэта сумная навіна, пакуль Беларусь ператвараецца ў Малдову – з усёй павагай да гэтай краіны кажучы.

Краўдфандынг – інструмэнт добры, але малапрадказальны

Усяго за месяц беларусы сабралі 21 тысячу рублёў на помнік Тадэвушу Касьцюшку, які журналіст Глеб Лабадзенка запрапанаваў усталяваць на радзіме генэрала. Гэта была толькі разавая падзея, альбо «патрыятычны краўдфаўндынг» стане традыцыяй?

Рыгор Астапеня: Мне падаецца, што краўдфандынг – гэта ўжо працоўны мэханізм, які існуе тут і цяпер. Праз сайт Talaka.by за некалькі гадоў было сабрана прыкладна мільён даляраў, а іншы краўдфандынгавы сайт Ulej.by мае прыкладна такую ж суму збору. Я сам прыняў удзел ужо ў добрым дзесятку дабрачынных кампаніяў. Адно з маіх уражаньняў у тым, што тут можа быць цяжка плянаваць, на што зьбіраць грошы. Калі ўзьнікае нейкая эмоцыя, як было ў выпадку беларускага помніку Касьцюшку ў Швэйцарыі, то збор можа быць вельмі імклівы і пасьпяховы, хоць яшчэ некалькі месяцаў мала хто б даў грошы на гэты помнік.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт