Logo Polskiego Radia
Print

Статкевіч і Някляеў: Эўразьвяз легітымізуе Лукашэнку

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 15.11.2017 11:07
Палітыкі расцэньваюць запрашэньне кіраўніка Беларусі ў Брусэль як «легалізацыю яго палітыкі й ягонага рэжыму, які зноў зьвярнуўся да рэпрэсій».
Уладзімір НякляеўУладзімір Някляеўyoutube.com/screen

Сустаршыні Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Статкевіч і Ўладзімір Някляеў падрыхтавалі зварот да кіраўнікоў краін Эўразьвязу, старшыні Эўрапейскай рады Дональда Туска, вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыкі Магерыні, эўракамісара па пытаньнях пашырэньня й палітыкі добрасуседзтва Ёханэса Хана й дэпутатаў Эўрапарлямэнта ў сувязі з магчымым удзелам Аляксандра Лукашэнкі ў саміце Ўсходняга партнэрства 24 лістапада ў Брусэлю.

Палітыкі расцэньваюць запрашэньне кіраўніка Беларусі на саміт як «легітымізацыю самога Лукашэнкі» й «легалізацыю яго палітыкі й ягонага рэжыму, які зноў зьвярнуўся да рэпрэсій».

Яны адзначаюць, што ў Беларусі зноў зьявіліся палітвязьні, «якіх садзяць у турмы за грамадзянскую пазыцыю, за палітычныя перакананьні». У якасьці ціску на актывістаў выкарыстоўваюцца арышт маёмасьці, знос або арышт жыльля, рэпрэсіі супраць блізкіх, выкраданьні, зьбіцьцё й катаваньні арыштаваных актывістаў, наўмыснае разьмяшчэньне іх разам з хворымі на небясьпечныя інфэкцыйныя захворваньні, адмовы зьняволеным у мэдыцынскай дапамозе, гаворыцца ў звароце.

Мікалай Статкевіч і Ўладзімір Някляеў заяўляюць, што дыялёг паміж Беларусьсю й ЭЗ павінен уключаць абавязковыя для выкананьня ўмовы: дэмакратызацыю заканадаўства аб выбарах, рэгістрацыю палітычных партый і грамадзкіх арганізацый, адмену абмежаваньняў у дачыненьні да СМІ, масавых сходаў грамадзян, а таксама вызваленьне палітвязьняў, спыненьне палітычна матываваных крымінальных спраў і рэабілітацыю ўсіх раней асуджаных па такіх справах.

«Дыялёг доўжыцца ўжо больш за два гады, але нічога гэтага няма. Нават на саміт у Брусэль Лукашэнка запрошаны безь ніякіх папярэдніх умоваў », – гаворыцца ў дакумэнце.

тэлеграф/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт