Logo Polskiego Radia
Print

Украінскага чыноўніка не ўпусьцілі на тэрыторыю Польшчы.

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.11.2017 14:57
У сувязі з інцыдэнтам, МЗС Украіны тэрмінова выклікала для тлумачэньняў польскага амбасадара.
Сьвятаслаў Шарамета. Фота з профіля ў сацсетцы Facebook. Сьвятаслаў Шарамета. Фота з профіля ў сацсетцы Facebook. www.facebook.com/profile.php?id=100002227034116

Украінскі чыноўнік не ўпушчаны на тэрыторыю Польшчы. Інцыдэнт адбыўся апоўдні ў суботу на памежным пераходзе Мэдыка-Шэгіні.

Украінскія СМІ паведамляюць, што гаворка вядзецца пра Сьвятаслава Шарамету – кіраўніка Дзяржаўнай міжведамаснай камісіі па справах увекавечаньня ахвяраў войнаў і рэпрэсіяў. Некалькі месяцаў таму ён выдаў забарону на працу польскім археолягам на месцах масавых пахаваньняў палякаў ва Ўкраіне.

Прэс-сакратар Бяшчадзкага аддзелу Памежнай службы Польшчы Эльжбета Пікар (Elżbieta Pikor) не паведаміла журналістам, якога дакладна чыноўніка не ўпусьцілі ў Польшчу. Аднак яна пацьвердзіла, што на тэрыторыю краіны не быў упушчаны функцыянэр, імя якога «знаходзілася ў базе дадзеных непажаданых асобаў». Украінскі партал zaxid.net паведамляе, што Сьвятаславу Шарамеце Польшча забараніла ўезд на сваю тэрыторыю на год.

Шарамета разам з прадстаўнікамі ўкраінскіх грамадзкіх арганізацыяў ехаў у польскі горад Ланьцут, каб ушанаваць памяць загінулых жаўнераў Украінскай Народнай Рэспублікі.

Кіеў забараніў польскім экспэртам праводзіць эксгумацыйныя працы ў чэрвені гэтага году. Такім чынам украінскае кіраўніцтва адказала на дэмантаж помніка загінулым байцам УПА ў вёцы Грушовіцы (Hruszewice) у паўднёва-ўсходняй Польшчы. На пачатку лістапада міністар замежных справаў Польшчы заявіў, што ўкраінскія чыноўнікі, адказныя за перашкоды ў працы археолягаў, будуць уключаныя ў «чорны сьпіс».

У пятніцу ўвечары, літаральна за некалькі гадзінаў перад інцыдэнтам на мяжы, прадстаўнікі кансультацыйных камітэтаў прэзыдэнтаў Польшчы і Ўкраіны дамовіліся, што забарона на працу польскіх археолягаў ва Ўкраіне павінна быць зьнятая.

У сувязі з забаронай уезду украінскага чыноўніка МЗС Украіны тэрмінова выклікала для тлумачэньняў амбасадара Польшчы.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт