Logo Polskiego Radia
Print

Базавае пагадненьне й візы: што перашкаджае Менску й Брусэлю дамовіцца?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.11.2017 07:12
  • Базавае пагадненьне й візы што перашкаджае Менску й Брусэлю дамовіцца.mp3
Галоўныя тэмы перамоваў паміж Беларусьсю і Эўрапейскім зьвязам на саміце ў Брусэлі раскрылі прадстаўнікі ўладаў і апазыцыйныя палітыкі.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Беларусь – гэта дзяржава, якая мае самы нізкі ўзровень адносінаў з Эўрапейскім зьвязам сярод усіх краінаў Ўсходняга партнэрства. Дагэтуль не падпісаны базавае пагадненьне аб супрацоўніцтве. Беларусь адзіная не заключыла дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму. Складанасьці ўзьнікаюць нават з падпісаньнем тэхнічнага дакумэнту аб прыярытэтах супрацоўніцтва. Што перашкаджае Менску заключыць усе гэтыя пагадненьні? Пра гэта на саміце Ўсходняга партнэрства, які завяршыўся 24 лістапада ў Брусэлі, у беларускіх і ня толькі беларускіх палітыкаў пытаў Аляксандар Папко.

Да саміту Ўсходняга партнэрства Беларусь і Эўрапейскі зьвяз не змаглі ўзгадніць сьпісу сумесных праектаў на будучыя два гады. На сёньня вядома, што ў дакумэнце пад назвай «Прыярытэты партнэрства» пазначаныя чатыры накірункі супрацоўніцтва. Гэта пашырэньне гандлю і падтрымка малога бізнэсу, павышэньне эфэктыўнасьці беларускай адміністрацыі, разьвіцьцё транспартнай інфраструктуры, а таксама спрашчэньне візавага рэжыму і падтрымка няўрадавых арганізацыяў. На гэтыя мэты Эўразьвяз гатовы выдзеліць 136 мільёнаў эўра.

Чаму буксуе дакумэнт? Эўразьвяз прапануе Менску ня толькі дапамагчы будаваць дарогі ці разьвіваць рэгіёны, але і дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства. На гэта Менск доўга не пагаджаўся – паведаміў Польскаму радыё лідар Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. Напярэдадні саміту Ўсходняга партнэрства беларускі палітык быў запрошаны ў Брусэль на кангрэс Эўрапейскай народнай партыі.

/

Віталь Рымашэўскі: Туды ўключаны абавязкі працаваць над рэформай выбарчага заканадаўства з улікам рэкамэндацый БДІПЧ АБСЭ. Дакумэнт таксама надае вялікую ролю грамадзянскай супольнасьці. Брусэль хоча, каб дыялёг Менска і Эўразьвязу ня быў кулюарнымі перамовамі, а быў сапраўды адкрыты для грамадзтва.

Ад Эўрапейскага зьвязу Менск чакае не дапамогі ў палітычных рэформах, а грошай на рэалізацыю эканамічных праектаў. На прэс-канфэрэнцыі падчас саміту Ўсходняга партнэрства міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей агучыў менавіта такія прыярытэты.

Уладзімер Макей: Мы прапаноўвалі засяродзіць нашыя сумесныя намаганьні на разьвіцьці таго, што важна для Беларусі – транзытнага складніку, памежнай інфраструктуры, рэгіянальных праектаў, якія мы маглі б рэалізоўваць разам з нашымі суседнімі дзяржавамі. Канкрэтныя праекты знаходзяцца на стале Эўразьвяза, яны зьвязаны з нашым супрацоўніцтвам у сфэры транспарту, энэргетыкі, лягістыкі – тых сфэрах, якія важныя для Беларусі.

Аднак галоўная тэма ў перамоваў Менска з Брусэлем – гэта падпісаньне Дамовы аб партнэрстве й супрацоўніцтве. Базавая дамова стварае спэцыяльныя ворганы для разьвіцьця кантактаў з Эўразьвязам. Дакумэнт агаворвае ўмовы вядзеньня гандлю, дзеяньні па паляпшэньні інвэстыцыйнага клімату, прынцыпы палітычных адносінаў і нават культурнае супрацоўніцтва. Амаль з усімі постсавецкімі краінамі такія дамовы Эўразьвяз заключыў яшчэ два дзесяцігодзьдзі таму. Працэс ратыфікацыі дамовы зь Беларусьсю Эўразьвяз замарозіў у 1996 годзе – пасьля ўсталяваньня ў краіне аўтарытарнага рэжыму.

Ані геаграфічная адлегласьць, ані цесныя сувязі з Расеяй сёньня не перашкаджаюць падпісаньню пагадненьня з Брусэлем – падкрэсьліў на саміце прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсян, які падпісаў новую дамову аб паглыбленым супрацоўніцтве з Эўразьвязам.

/

Серж Саргсян: Я не лічу, што гэта зьяўляецца перашкодай. Калі б так было, то мы ніколі б не падпісалі новай дамовы аб супрацоўніцтве. Падпісаньнем гэтай дамовы мы хочам падкрэсьліць, што сапраўды можна быць сябрам Эўразійскага эканамічнага зьвязу і ўдзельнікам Усходняга партнэрства.

Дык што ж перашкаджае падпісаць дамову Беларусі? Ізноў-такі, пытаньне дэмакраты й правоў чалавека – кажа Віталь Рымашэўскі. Пабудова дэмакратыі ды рынкавай эканомікі ўзгадваюцца як прыярытэты ў кожнай Дамове аб партнэрстве і супрацоўніцтве з Эўразьвязам.

Чаму тады Брусэль патрабуе дэмакратызацыі ад Менска, але пры гэтым актыўна разьвівае стасункі з аўтарытарным Азэрбайджанам? Таму, што Беларусь – гэта непасрэдны сусед Эўразьвязу, тлумачыць Віталь Рымашэўскі.

Віталь Рымашэўскі: Таму што для Беларусі эўрапейцы ставяцца як да эўрапейскай краіны, а не як да азіяцкай. Плянка патрабаваньняў да нас такая ж самая, як да Ўкраіны, Малдовы – непасрэдных суседзяў Эўрапейскага зьвязу.

Нягледзячы на адсутнасьць паразуменьня ў пытаньні дэмакратычных рэформаў, Уладзімер Макей абяцае дасягнуць істотнага прагрэсу ўжо праз 2 гады.

/

Уладзімер Макей: Наступны саміт будзе праз два гады. Я ўпэўнены, што Беларусь абавязкова падыдзе да гэтага саміту з новым узроўнем супрацоўніцтва з ЭЗ. Я ўпэўнены, што на наступным саміце могуць быць падпісаныя пагадненьні, аб якіх усе будуць гаварыць і якія сапраўды прынясуць карысьць і Беларусі, і Эўропе. Мы зацікаўлены ў тым, каб базавае пагадненьне было падпісана як мага хутчэй. Зараз мы бачым, што ёсьць зьмены ў падыходах нашых эўрапейскіх сяброў. Таму мы лічым, што ў наступным годзе мы зможам пачаць працу над распрацоўкай гэтага пагадненьня.

Трэцяе балючае пытаньне – візавая лібэралізацыя. Усе краіны Ўсходняй Эўропы падпісалі адпаведныя дамовы ад 4 да 10 гадоў таму. Беларусы адзіныя плацяць за жаданы Шэнген 60 эўра. Візавы рэжым неўзабаве будзе спрошчаны – паабяцаў на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі Ўладзімер Макей.

Уладзімер Макей: Наконт візаў – сапраўды, там засталося зусім мала тэхнічных і, напэўна, адзін ці два палітычных момантаў, над якімі мы працуем. Я не хацеў бы зараз распаўсюджвацца на гэты конт. Але я таксама лічу, што мы можам пераадолець гэтыя цяжкасьці і выйсьці на заключэньне гэтага пагадненьня ў бліжэйшы час.

Пры гэтым міністар замежных справаў даў зразумець, што Менск перш за ўсё зацікаўлены ў прыцягненьні замежных інвэстараў і турыстаў, і не настолькі зацікаўлены ў тым, каб беларусы масава ехалі ў Эўропу.

Уладзімер Макей: Беларусь зацікаўлена ў тым, каб у нас існаваў візавы рэжым, які дазволіць замежным грамадзянам – у першую чаргу, людзям з бізнэсу і турыстам – лёгка наведваць Беларусь. Я думаю, што ў бліжэйшы час мы зробім адпаведныя прапановы.

Уладзімер Макей зазначыў, што жадаў бы, каб пагадненьне аб візавай лібэралізацыі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам было такім жа, як дамовы з Грузіяй і Армэніяй. Што значыць такая фармулёўка – пакуль няясна. Магчыма, Эўразьвяз прад'яўляе Менску дадатковыя патрабаваньні па кантролю над міграцыяй. Магчыма, патрабаваньні носяць не тэхнічны, а палітычны характар. Паводле некаторых экспэртаў, Брусэль можа прасіць Менск зрабіць больш незалежнымі беларускія суды.

/

Пакуль беларускія ўлады не жадаюць ісьці на саступкі Брусэлю ў галіне дэмакратызацыі, беларускія грамадзяне збліжаюцца з Эўразьвязам у індывідуальным парадку. Краіна ўжо шмат гадоў зьяўляецца сусьветным лідарам па колькасьці шэнгенскіх візаў у пераліку на колькасьць насельніцтва. У 2016 годзе іх было атрымана 694 тысячы.

Аляксандар Папко, Брусэль

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт