Logo Polskiego Radia
Print

Беларускае гістарычнае таварыства прыняло заяву па Тарашкевічу (ТЭКСТ)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 29.11.2017 14:42
  • Латышонак.mp3
«Браніслаў Тарашкевіч ніколі не сымбалізаваў і не сымбалізуе камунізму (...), ён быў сымбалем трагічнага лёсу беларускай інтэлігенцыі».
Вуліца Браніслава Тарашкевіча ў Бельску ПадляскімВуліца Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляскімфота: Зьміцер Косьцін/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Сябры Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы ў 79-ю гадавіну сьмерці Браніслава Тарашкевіча прынялі спэцыяльную заяву наконт дэкамунізацыі вуліцы яго імя ў Бельску Падляскім. Такім чынам яны выказваюць занепакоенасьць дзеяньнямі Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы.
Гэта наш абавязак рэагаваць на падобныя справы, кажа старшыня Таварыства прафэсар Алег Латышонак. Зь ім размаўляе Зьміцер Косьцін.

слухайце далучаны гукавы файл

Напярэдадні Рада гораду Бельск Падляскі 2/3 галасоў прыняла рашэньне пакінуць Браніслава Тарашкевіча патронам гарадзкой вуліцы з новым абгрунтаваньнем. Канчатковае рашэньне па назьве вуліцы падляскі ваявода павінен прыняць да 2 сьнежня. Гэтае рашэньне павінна абапірацца на абгрунтаваньне Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы, якога падляскі ваявода дагэтуль афіцыйна не атрымаў.

Заява Беларускага гістарычнага таварыства

Беларускае гістарычнае таварыства ў Польшчы выказвае глыбокую занепакоенасьць па прычыне прызнаньня Інстытутам нацыянальнай памяці Польшчы асобы Браніслава Тарашкевіча нягоднай быць патронам адной з вуліц у Бельску Падляскім. Пры гэтым Браніслаў Тарашкевіч таксама зьяўляецца патронам ІІ-га Агульнаадукацыйнага ліцэя зь беларускай мовай навучаньня ў Бельску Падляскім.

Палітычная біяграфія Браніслава Тарашкевіча досыць добра вядомая, хаця надалей скрывае не адну таямніцу. Найбольшай таямніцай застаецца сапраўдная дата ягонага забойства й спосабу, якім гэта ўчыніла НКУС. Афіцыйна яго расстралялі 29 лістапада 1938 года, аднак ёсьць сур’ёзныя прычыны падазраваць, што яго ў вязьніцы закатавалі на сьмерць.

Цяжка сумнявацца ў рашэньні, сутнаснае абгрунтаваньне якога дагэтуль не апублікаванае. Аднак мы хацелі б зьвярнуць увагу на тое, што паводле арт. 1.1. Закона «Аб забароне прапаганды камунізму або іншага таталітарнага ладу праз назвы будынкаў, аб’ектаў і прыладаў грамадзкага прызначэньня» ад 1 красавіка 2016 г., «назвы будынкаў, аб’ектаў і прыладаў грамадзкага прызначэньня, у тым ліку дарог, вуліц, мастоў і пляцаў, якія надаюць органы тэрытарыяльнага самакіраваньня, ня могуць ані ўшаноўваць асоб, арганізацый, падзей або дат, якія сымбалізуюць камунізм або іншы таталітарны лад, ані іншым чынам такі лад прапагандаваць».

У нашым глыбокім перакананьні, закон не датычыць асобы Браніслава Тарашкевіча, бо ён ніколі не сымбалізаваў і не сымбалізуе камунізму. Для беларусаў Тарашкевіч быў і застанецца аўтарам першай «Беларускай граматыкі для школ», сымбалем змаганьня палітычнымі мэтадамі за палітычныя правы беларусаў у Другой Рэчы Паспалітай, за свабоду народу, і ўрэшце, сымбалем трагічнага лёсу беларускай інтэлігенцыі, якая стала ахвярай камуністычнага тэрору.



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт