Logo Polskiego Radia
Print

У Менску пакажуць фільм «Жонка наглядчыка заапарка»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.12.2017 11:21
Фільм расказвае шчымлівую гісторыю пра тое, як супрацоўнікі Варшаўскага заапарка ратавалі габрэяў у часы вайны.
Кадр з трэйлера фільму "Жонка наглядчыка заапарка"Кадр з трэйлера фільму "Жонка наглядчыка заапарка"youtube.com/screen

«Беларускія ўік-энды» сумесна з кампаніяй Velcom прэзэнтуюць фільм «Жонка наглядчыка заапарка» у беларускай агучцы – паведамляе інфармагенцтва БелаПАН. Прэм’ера з удзелам амбасадараў Польшчы ды Ізраілю адбудзецца 7 сьнежня ў кінатэатры Velcom cinema.

«Жонка наглядчыка заапарка» – гэта драма 2017 года, заснаваная на сапраўднай гісторыі сям’і Жабінскіх: наглядчыка Варшаўскага заапарку Яна ды яго жонкі Антаніны, якія ў гады ваеннага ліхалецьця выратавалі ад сьмерці сотні габрэяў Варшаўскага гета, за што былі прызнаныя Праведнікамі народаў сьвету.

Галоўныя ролі ў фільме выканалі зоркі сусьветнага кіно: Джэсіка Чэстэйн, Йохан Хэлдэнберг, Даніэль Бруль.

Фільм будзе паказвацца ў беларускай агучцы. На беларускую мову стужка была перакладзена ў рамках праекту «Беларускія ўік-энды» пры падтрымцы кампаніі Velcom і Польскага інстытуту ў Менску. Ролі агучвалі актрысы Ганна Хітрык і Святлана Цімохіна, тэлевядучыя Яўген Перлін і Сяргей Жбанкоў, акцёры Алесь Маўчанаў і Зьміцер Саладуха.

Прэм’ера адбудзецца 7 сьнежня а 19:00 ў кінатэатры Velcom cinema. А 8, 9 і 10 сьнежня паказы пройдуць у кінатэатры «Масква». Паказ фільму таксама плянуецца 13 сьнежня ў Берасьці ў кінатэатры «Беларусь».

Naviny.by/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт