Logo Polskiego Radia
Print

Хітамі выставы ў Варшаве сталі багата ілюстраваныя беларускія выданьні

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.12.2017 14:00
  • Хітамі выставы ў Варшаве сталі багата ілюстраваныя беларускія выданьні.mp3
У першыя 2 дні працы Кірмашу гістарычнай літаратуры былі раскупленыя ўсе экзэмпляры кніг «Радзівілы» й «Ліцьвіны ў гвардыі Напалеона».
ragna.by

Больш за 220 выдавецтваў прынялі ўдзел у XXVI Кірмашы гістарычнай літаратуры, які праходзіць у Варшаве. Сярод удзельнікаў міжнароднай выставы – 6 выдаўнічых дамоў зь Беларусі. Свае кнігі ў польскай сталіцы прадставілі выдавецтвы «Беларускі кнігазбор», «Тэхналёгія», ARCHE, «Янушкевіч», «Галіяфы» і «Лімарыюс».

Асаблівым попытам на кніжнай выставе ў Варшаве карысталіся новыя багата ілюстраваныя беларускія выданьні - напрыклад, мастацкі альбом «Радзівілы» – расказвае дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зьміцер Вішнёў.

Зьміцер Вішнёў: Мы прывезьлі некалькі важных выданьняў. Гэта ваенныя мэмуары Вікенція Мароза «Перажытае – не забытае»; мастацкі каталёг «Радзівілы», які ўжо скончыўся – мы не разьлічылі колькасьць, якую трэба было ўзяць на выставу. Таксама мы прывезьлі кнігу Міхаіла Галдзянкова «Забытая Першая сусьветная вайна», кнігу Мікалая Плавінскага «Ўзбраеньне беларускіх земляў Х-ХІІІ стагодзьдзяў», а таксама кнігу Ігара Мельнікава «Заходнебеларуская Атлянтыда».

Іншым хітом выставы стала кніга Ўладзімера Лякіна «Ліцьвіны ў гвардыі Напалеона». Кніга прываблівае ня толькі тэмай, якая мала вядомая шырокай публіцы, але і надзвычай багатым афармленьнем – кажа прадстаўніца выдавецтва «Тэхналёгія» Ксенія Тарасевіч.

Ксенія Тарасевіч: Над гэтай кнігай мы працавалі вельмі доўга, але высілкі былі вартыя. Кніга атрымалася вельмі густоўнай. Яна каштоўная ня толькі сваім зьместам ці ілюстрацыямі, але й тым, што ў канцы апублікаваныя імёны ўраджэнцаў Беларусі, якія ўдзельнічалі ў значных бітвах напалеонаўскіх паходаў. Гэта кніга будзе цікавая тым, хто шукае свае карані.

Кірмаш гістарычнай літаратуры зьяўляецца адной з самых вялікіх кніжных выставаў Польшчы. У гэтым годзе ён праходзіць з 30 лістапада па 3 студзеня.

ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт