Logo Polskiego Radia
Print

Прэм’ер Польшчы: злачынствы камунізму павінны быць расьсьледаваныя й асуджаныя

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.12.2017 12:43
Матэвуш Маравецкі ўшанаваў памяць ахвяраў пратэстаў у Гданьску, жорстка падаўленых уладамі камуністычнай Польшчы.
PAP/Marcin Bielecki

Немагчыма будаваць новую, лепшую Польшчу, калі мы не высьветлім усіх справў, зьвязаных з мінулым – заявіў прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі на ўрачыстасьцях, прысьвечаных 47 гадавіне трагічных падзеяў у горадзе Гдыня, дзе камуністычныя ўлады крывава падавілі бунт рабочых.

У лісьце, скіраваным да ўдзельнікаў урачыстасьцяў, прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што «зло павінна быць названае па імені», а ўсе ганебныя ўчынкі павінныя быць асуджаныя. Падчас цырымоніі былі агучаныя імёны забітых і прагучаў салют у выкананьні роты ганаровай варты.

Матэвуш Маравецкі заявіў, што «сапраўдная барацьба за лепшую будучыню Польшчы стане магчымай толькі тады, калі будуць высьветленыя ўсе пытаньні мінулага, ушанаваныя ўсе героі ды адроджаная праўда пра мінулае».

Анджэй Дуда ў сваім лісьце заявіў, што новым пакаленьням трэба перадаваць «аб’ектыўныя веды пра камунізм, пра ідэалёгію, якая прынесла так шмат пакутаў і разбурэньняў».

У сьнежні 1970 ў гарадах на балтыйскім узьбярэжжы Польшчы ўзьнялася хваля забастовак і маніфэстацыяў у знак пратэсту супраць павышэньня цэнаў. У Гданьску і Шчэціне рабочыя падпалілі сядзібы абласных камітэтаў кампартыі.

Каб падавіць пратэсты, улады далі загад міліцыі й арміі ўжыць агнястрэльную зброю. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у сьнежні 1970 году на вуліцах Гданьска, Гдыні, Шчэціна і Эльблёнга загінулі 44 чалавекі, а больш за 1160 былі параненыя.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт