Logo Polskiego Radia
Print

Расея ўзбройвае Калінінград – як гэта адаб’ецца на Беларусі?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 16.01.2018 18:13
  • Расея ўзбройвае Калінінград – як гэта адаб’ецца на Беларусі.mp3
Масква будзе патрабаваць ад Менска павялічыць расейскую вайсковую прысутнасьць – мяркуюць некаторыя экспэрты.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Расея павялічвае вайсковую групоўку ў Калінінградзкай вобласьці. У гэтым годзе ў балтыйскі рэгіён Крэмль перакіне ракетныя комплексы «Іскандэр», а таксама полк шматмэтавых зьнішчальнікаў Су-27 і Су-35. Як на павелічэньне расейскай групоўкі адрэагуюць краіны NATO? Як гонка ўзбраеньняў у рэгіёне адаб’ецца на Беларусі? Пра гэта нам распавядаюць польскія й расейскія экспэрты.

«Расея прыступіла да нарошчваньня паветранай магутнасьці на Балтыцы», – заявіла 11 студзеня газэта «Известия». Спасылаючыся на Міністэрства абароны Расеі, выданьне паведаміла, што ў Калінінградзе будзе адноўлены 689-ы гвардзейскі авіяцыйны полк. Ён будзе ўзброены новымі зьнішчальнікамі Су-27 і Су-35, здольнымі паражаць «ня толькі паветраныя, але й наземныя ды марскія цэлі».

Зьяўленьне новых самалётаў прынясе ня толькі колькасную, але й якасную зьмену раскладу сілаў на Балтыцы – камэнтуе аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў Анна Дынэр.

Анна Дынэр: Гэта шматмэтавыя самалёты, якія могуць зьнішчаць наземныя цэлі, а таксама надводныя й падводныя караблі. Авіяцыйны парк у Калінінградзкай вобласьці якасна зьменіцца. Дагэтуль 72-я авіябаза ў Калінінградзе мела на ўзбраеньні толькі самалёты-перахватчыкі. Павелічэньне расейскай авіяцыйнай групоўкі – гэта значны выклік для авіяцыі Польшчы, Нямеччыны, Даніі ды іншых дзяржаваў NATO, якія патрулююць неба над краінамі Балтыі, а таксама выклік для Швэцыі.

Аднак найбольш істотныя зьмены ў вайсковай абстаноўцы ў цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе выклічуць ня новыя расейскія самалёты, а тактычныя ракеты «Іскандэр». Патэнцыйнымі цэлямі «Іскандэраў» могуць стаць элемэнты вайсковай інфраструктуры на ўсёй тэрыторыі краінаў Балтыі, значнай частцы тэрыторыі Нямеччыны, Швэцыі й Польшчы. У зону дзеяньня расейскіх ракетаў трапляе, напрыклад, база супрацьракетнай абароны, якую Злучаныя Штаты будуюць у мястэчку Рэдзікова на балтыйскім узьбярэжжы Польшчы.

Анна Дынэр: У радыюсе дзеяньня гэтых ракетаў знаходзіцца вялікая тэрыторыя Польшчы, уся тэрыторыя Летувы, практычна ўся тэрыторыя Латвіі, а таксама дацкая выспа Барнхольм. Акрамя краінаў NATO, у зоне дасягальнасьці «Іскандэраў» будуць знаходзіцца швэдзкія выспы ў Балтыйскім моры. Разьмяшчэньне расейскіх ракетаў значна паўплывае на функцыянаваньня ўсяго ўсходняга флянгу NATO.

У адказ на разьмяшчэньне расейскіх ракетаў краіны Паўночнаатлянтычнага альянсу пачнуць узмацняць сыстэмы супрацьракетнай абароны, а таксама павялічаць колькасьць авіяцыйных патрулёў над Балтыкай – прагназуе Анна Дынэр.

Польшча ўжо прыняла рашэньне перамясьціць танкавыя часткі бліжэй да мяжы з Калінінградзкай вобласьцю – апісвае рэакцыю NATO беларускі вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін. Варшава таксама вядзе перамовы з ЗША па закупцы сыстэмаў супрацьпаветранай абароны Patriot і сумеснай вытворчасьці ракетных сыстэмаў Homar. Апошнія здольныя паражаць наземныя цэлі на адлегласьці да 300 кілямэтраў.

Мілітарызацыя Калінінграду павышае значэньне Беларусі для расейскага кіраўніцтва – падкрэсьлівае Аляксандар Алесін. Аналітык прадказвае, што Масква будзе патрабаваць ад Менска ўзмацненьня беларускай групоўкі на заходнім накірунку й нават разьмяшчэньня ў Беларусі сваёй вайсковай інфраструктуры. Крамлю проста неабходна беларуская тэрыторыя, каб расейская групоўка ў Калінінградзе не апынулася ў ізаляцыі – зазначае экспэрт.

Аляксандар Алесін: Націск Расеі на Беларусь узмоцніцца. Масква будзе патрабаваць павялічыць беларускую групоўку на паўночным захадзе нашай краіны. Я думаю, Расея ўзмоцніць ціск з мэтай атрымаць вайсковую базу. Магчыма, яна захоча атрымаць базу для апэрацыйна-тактычных комплексаў «Іскандэр». Рызыкну выказаць меркаваньне, што Расея захоча разьмясьціць у Беларусі адну-дзьве танкавыя брыгады. Кіраўніцтву Беларусі прыйдзецца сутыкнуцца з вельмі сур’ёзным ціскам. Дапускаю, што зноў пачнецца шантаж па газавых і нафтавых пытаньнях.

З больш памяркоўнымі прагнозамі выступае галоўны рэдактар парталу Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. Беларускія ўлады не дапусьцяць разьмяшчэньня на сваёй тэрыторыі расейскай вайсковай інфраструктуры, бо ўсімі сіламі намагаюцца ўтрымаць нэўтралітэт у супрацьстаяньні паміж Расеяй і Захадам.

Разьмяшчэньне ў Калінінградзе дадатковых узбраеньняў аналітык лічыць хутчэй палітычным, чым вайсковым крокам. На думку Андрэя Паротнікава, Масква палохае Захад зброяй, каб прымусіць яго прызнаць анэксію Крыму і «сфэры ўплыву» Расеі ва Ўсходняй Эўропе. Менск у гэтай гульні ўдзельнічаць не намераны – кажа экспэрт.

Андрэй Паротнікаў: Той жа Ўладзімер Макей неаднаразова заяўляў, што Беларусь не зьбіраецца станавіцца бокам канфлікту. Менск не зьбіраецца даваць дазвол на нарошчваньня расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі, а зь іншага боку – увесь час дае гарантыі, што зь Беларусі ня будуць сыходзіць пагрозы ані для краінаў NATO, ані для Польшчы ані для балтыйскіх краінаў, ані для Ўкраіны, ані для Расеі. Беларусь імкнецца прытрымлівацца вельмі хісткага, вельмі ўмоўнага, але нэўтралітэту.

Незалежна а таго, будзе Расея давіць на Менск з мэтай разьмяшчэньня сваіх базаў ці не, беларускаму кіраўніцтву трэба прызвычаіцца лявіраваць паміж Захадам і Ўсходам – зазначае Андрэй Паротнікаў.

«Наш рэгіён знаходзіцца ў стане новай халоднай вайны, і гэтая сытуацыя - на дзесяцігодзьдзі. Гэта нашая новая нармальнасьць, у якой трэба вучыцца жыць і працаваць», – падсумоўвае вайсковы аглядальнік.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт