Logo Polskiego Radia
Print

Магдалену Радзівіл нарэшце пахаваюць на Радзіме

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.01.2018 11:00
Пахаваньне мэцэнаткі адбудзецца ў сярэдзіне лютага.
wikimedia commons/public domain

Атрыманыя ўсе неабходныя ўзгадненьні на перапахаваньне праху Магдалены Радзівіл у Менску. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў сацсетцы Facebook вядомы журналіст і грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка.

Пахаваньне пройдзе ў сярэдзіне лютага, прыедуць прадстаўнікі сям'і Радзівілаў, а таксама прамыя нашчадкі князёўны.

«Месца, дзень і час пахаваньня будуць абвешчаныя пазьней, па ўзгадненьні са сьвятаром. Будзе магчымасьць прысутнічаць усім ахвочым. Вяртаньне праху на родную зямлю й выкананьне апошняй волі найвялікшай мэцэнаткі беларускай культуры пачатку ХХ стагодзьдзя – вялікая падзея для нашай культуры!» – падкрэсьліў Глеб Лабадзенка.

Магдалена Радзівіл была дзеячам беларускага культурнага руху. Яна падтрымлівала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», а таксама газэту «Наша Ніва», фінансавала выданьне вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», адкрывала беларускія школы. Князёўна памерла ў 1945 годзе і была пахаваная ў швэйцарскім горадзе Фрыбур.

Нашчадкі мэцэнаткі й беларускія грамадзкія актывісты ў ліпені прывезьлі прах у Беларусь, каб пахаваць Магдалену Радзівіл, згодна зь яе завяшчаньнем, у Менску. Аднак на працягу больш як паўгода гарадзкія ўлады, Каталіцкі касьцёл і прадстаўнікі грамадзкасьці не маглі прыйсьці да згоды наконт месца пахаваньня.

ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт