Logo Polskiego Radia
Print

Рэзанансныя папраўкі ў польскае заканадаўства разгледзіць Сэнат

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.01.2018 16:31
Супраць прынятых Сэймам нормаў, якія ўводзяць кары за прыпісваньне польскаму народу адказнасьці за злачынствы нацызму, выступіў Ізраіль.
wikimedia commons/Katarzyna Czerwińska

Вышэйшая палата польскага парлямэнту рыхтуецца да разгляду паправак у закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, якія нядаўна прыняла ніжэйшая палата – Сэйм. Папраўкі ўжо выклікалі міжнародны рэзананс.

Новыя нормы ўводзяць штрафы й турэмныя тэрміны за прыпісваньне польскаму народу адказнасьці за злачынствы нацызму. Згодна з задумкай аўтараў закону, кары будуць пагражаць за такія выразы, як «польскія лягеры сьмерці», ужытыя пры апісаньні канцлягераў, пабудаваных нямецкімі нацыстамі ў акупаванай Польшчы.

Не прыняты пакуль закон крытычна ўспрыняў урад Ізраіля. Тэль-Авіў асьцерагаецца, што расплыўчатыя фармулёўкі могуць быць выкарыстаныя супраць тых, хто выкрывае факты ўдзелу насельніцтва акупаванай Польшчы ў злачынствах нацыстаў.

Амбасадар Ізраіля Анна Азары заявіла, што «на думку Ізраіля закон уводзіць магчымасьць караў за публікацыю сьведчаньняў выжылых ахвяраў Галакосту».

Папраўкі разгледзяць сэнацкія камісіі правоў чалавека, прававой дзяржавы, культуры і СМІ. Польскі ўрад не выключае, што папраўкі ў закон будуць абмеркаваныя з урадам Ізраіля.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт