Logo Polskiego Radia
Print

«Беларускі эксьлібрыс стаў мастацтвам сусьветнага ўзроўню»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 31.01.2018 17:03
  • «Беларускі эксьлібрыс стаў мастацтвам сусьветнага ўзроўню».mp3
Пра знакамітую ў сьвеце, але малавядомую на Радзіме беларускую школу эксьлібрысу расказваюць удзельніцы выставы, якая адкрылася ў Варшаве.
Беларускі дом у Варшаве

Ці ведаеце вы, што беларускі эксьлібрыс – па-мастацку аформлены знак бібліятэкі – заваяваў сусьветную славу, а беларускія мастакі, якія працуюць у гэтым жанры, атрымліваюць замовы з усіх кантынэнтаў? Пра ўнікальны, але пакуль малавядомы ў Беларусі жанр графічнага мастацтва расказваюць удзельніцы выставы «Каардынаты эксьлібрысу», якая нядаўна адкрылася ў Беларусікім доме ў Варшаве.

Аголеная натура, райскія дрэвы, русалкі й папараць-кветкі, героі дзіцячых казак – дэтальна прапісаныя, складзеныя ў вывераную кампазыцыю і разьмешчаныя на невялікага памеру аркушах. Так выглядаюць сюжэты сучасных беларускіх эксьлібрысаў, якія прадставілі ў Варшаве беларускія мастачкі.

«Эксьлібрыс» у перакладзе з лацінскай мовы азначае «узяты з кнігі». Простыя аркушы з ініцыяламі, якія ўклейваліся ў левы форзац выданьня, каб абазначыць яго ўладара, вельмі хутка ператварыліся ў вытанчаны мастацкі жанр. У часы масавай культуры прыватныя бібліятэкі паволі адышлі ў гісторыю. Аднак мастацтва эксьлібрысу не зьнікла, а перайшло ў прыватныя калекцыі – расказвае беларускі графік Тацьцяна Сiплевiч-Мысоўскiх.

/

Таццяна Сiплевiч-Мысоўскiх: Зьявіліся людзі, якія пачалі калекцыянаваць эксьлібрысы, прычым хацелі, каб у іх зборы былі творы не аднаго мастака. Калекцыянэры пачалі прыдумваць цікавыя сюжэты, рэалізацыю якіх аддавалі мастакам. Цяпер эксьлібрыс – гэта асобны від графікі, які карыстаецца попытам і мае свой арт-рынак.

Як тлумачыць мастачка, у эксьлібрысе вялікую ролю адыгрывае замоўшчык. Менавіта ён вызначае сюжэт, які майстар павінен раскрыць. Тацьцяна Сіплевіч у сваіх эксьлібрысах выкарыстоўвае народныя арнамэнты й беларускія фальклёрныя матывы.

Таццяна Сiплевiч-Мысоўскiх: Тэмаў шмат, але часта яны паўтараюцца. Існуюць клясычныя сюжэты: гэта «Адам і Ева», «Леда і лебедзь», «Русалка». Тэма русалкі можа быць раскрыта рознымі шляхамі – у залежнасьці ад нацыянальнай традыцыі. Мне цікава паказаць русалку з пункту гледжаньня беларускай міталёгіі. У нас русалка жыве ня ў моры, а ў жыце ці на дрэве. Кожны мастак прапускае сюжэты праз свой стыль і культуру. Мне самой як творцу цікава, як мой калега раскрые тую ці іншую тэму.

Эксьлібрысы іншай мастачкі – Вольгі Крупянковай – вылучаюцца казачнымі летуценнымі матывамі. Вольга таксама вядомая як ілюстратар кніг для дзяцей.

/

Вольга Крупянкова: У маіх працах вы можаце ўбачыць сьвет дзяцінства, сьвет казкі. Тут і коцік на месяцы, коцік з дзяўчынкай, хітры ліс і іншыя казачныя сюжэты, якія адпавядаюць майму сьветапогляду.

Працы Ганны Ціханавай-Йардановай моцна адрозьніваюцца ад па тэхніцы, так і па тэмах. На аркушах чорнай паперы срэбранымі і залатымі фарбамі яна малюе эратычныя сюжэты.

/

Ганна Ціханава-Йарданова: Калекцыянэры неаднаразова называлі мае працы мяккай эротыкай. Я працую з залатымі і срэбранымі пігмэнтамі. Чорная папера – гэта хутчэй фон, абрамленьне а сам твор, яго ідэя высьвечваецца знутры.

Беларускі эксьлібрыс вельмі высока цэніцца сярод знаўцаўцаў мастацтва па ўсім сьвеце. Ва ўдзельніц выставы, якая адкрылася ў Варшаве, замаўляюць графічныя працы калекцыянэры з больш я 20 краінаў – ад Аргентыны па Японію. Беларускія майстры эксьлібрысу рэгулярна заваёўваюць узнагароды на міжнародных выставах – кажа Вольга Крупянкова.

Вольга Крупянкова: Беларуская школа графікі вядомая сваёй дэталізацыяй і мастацтвам кампазыцыі. На шматлікіх міжнародных выставах-конкурсах беларускія мастакі займаюць прызавыя месцы. Мы атрымлівалі замовы больш як з 20 краінаў сьвету. Я выконвала эксьлібрысы для калекцыянэраў з усяе Эўропы: Галяндыі, Нямеччыны, Бэльгіі, Польшчы, Славакіі, Італіі. Акрамя таго, да мяне зьвярталіся замоўшчыкі з Аўстраліі, Тайваня, Кітая, Японіі. Мае сяброўкі могуць пашырыць гэты сьпіс.

Словы Вольгі Крупянковай пацьвярджае вядомы ізраільскі графік і калекцыянэр эксьлібрысу Леанід Курыс. У яго калекцыі захоўваецца больш за 30 тысячаў працаў. Спадар Леанід прыехаў у Варшаву спэцыяльна на выставу беларускіх мастачак.

/

Леанід Курыс: Мне вельмі хацелася ўбачыць гэтую выставу й пазнаёміцца зь беларускімі мастачкамі. Дагэтуль мы толькі перапісваліся. У апошнія гады беларуская школа эксьлібрысу зрабіла гіганцкі скок. Яна выйшла на сусьветны ўзровень. Найбольш хацелася б адзначыць мастакоў з Менска й Берасьця. Прадстаўленыя тут працы я ацэньваю вельмі высока, яны мне вельмі падабаюцца.

Каардынаты беларускага эксьлібрысу пашыраюцца – ён становіцца сусьветна вядомым фэномэнам. Застаецца спадзявацца, што міжнародны посьпех беларускіх мастакоў-графікаў прыцягне да эксьлібрысу ўвагу шырокай публікі і ў Беларусі.

Аляксандар Папко

Фота: Беларускі дом у Варшаве

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт