Logo Polskiego Radia
Print

Урад Польшчы намагаецца ўладзіць канфлікт з Ізраілем

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 09.02.2018 17:20
Пачала працу спэцыяльная група па нармалізацыі стасункаў з Тэль-Авівам.
Глава МИД Польши Яцек Чапутович. Глава МИД Польши Яцек Чапутович. Фото: Trójka/polskieradio.pl

Міністар замежных справаў Польшчы спадзяецца ўлагодзіць адносіны з Ізраілем. Пра гэта Яцэк Чапутовіч (Jacek Czaputowicz) заявіў на прэс-канфэрэнцыі з удзелам шэфа дыпляматычнага ведамства Эстоніі, якая адбылася ў Варшаве. Кіраўнік польскай дыпляматы заклікаў палітыкаў у Варшаве й Тэль-Авіве супакоіць эмоцыі.

Яцэк Чапутовіч паведаміў, што прэм’ер Польшчы стварыў спэцыяльную групу па нармалізацыі стасункаў з Ізраілем. Яе задача – прааналізаваць крытыку Тэль-Авіву, якая датычыць нядаўна прынятых паправак у закон аб польскім Інстытуце нацыянальнай памяці. Цяпер закон прадугледжвае адміністрацыйную й крымінальную адказнасьць за абвінавачаньні польскага народу ў саўдзеле ў злачынствах нацыстаў. Яцэк Чапутовіч падкрэсьліў, што закон не пагражае свабодзе слова й навуковай дзейнасьці.

Папраўкі ў закон былі нядаўна прынятыя польскім парлямэнтам. Прэзыдэнт Анджэй Дуда падпісаў яго, аднак адразу ж пасьля падпісаньня скіраваў на разгляд Канстытуцыйнага суду.

Новы закон аб ІНП выклікаў пратэсты ў Ізраілі. Мясцовыя гісторыкі, публіцысты і палітыкі выказваюць засьцярогі, што польскае права забароніць дасьледаваць і казаць пра ўдзел асобных польскіх грамадзянаў у забойстве габрэяў падчас Другой сусьветнай вайны. Польскі ўрад настойвае, што адзіная мэта закону – абараніць добрае імя Польшчы, якая не нясе адказнасьці за зьнішчэньне людзей нямецкімі нацыстамі.

Акрамя Ізраілю папраўкі ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці раскрытыкаваў таксама Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт