Logo Polskiego Radia
Print

Польскія хіты на XXV Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 01.03.2018 15:09
  • Польскія хіты на XXV Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.mp3
Польскі стэнд падрыхтаваў прамоцыю чатырох кніжак.
screen http://www.instpol.by/

Больш за 600 найменьняў польскіх кніг прадстаўленыя на XXV Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Гэта найбуйнейшая польская выстава за 25-гадовую гісторыю мерапрыемства, арганізаванаю ў сталіцы Беларусі.

Міхал Хаброс, часовы павераны ў справах амбасады Польшчы ў Менску, падкрэсьлівае, што Польшча зацікаўленая ў тым, каб польскія кнігі былі ў Беларусі, таму што ёсьць попыт на польскую літаратуру.

М.Хаброс: Мы падрыхтавалі багаты нацыянальны стэнд. Ёсьць кніжкі на польскай і на беларускай мовах. Мы падрыхтавалі некалькі аўтарскіх сустрэч. Адбудзецца прамоцыя кніжкі «Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай» аўтарства Славаміра Капэры (Sławomir Kopera), які прыехаў у Менск. Усе кніжкі падабраныя пад чытачоў, бо нам вядома, што ў Менску ёсьць запатрабаванасьць на польскую кніжку. Кірмаш гэта адзіная і найлепшая нагода для таго, каб сустрэцца і з кніжкай, і з аўтарам.

Тамаш Адамскі, дырэктар Польскага інстытута ў Менску адзначае, што на польскім нацыянальным стэндзе прадстаўленыя розныя кнігі: гістарычныя, палітычныя, дзіцячая літаратура, турыстычныя даведнікі.

/

Т.Адамскі: Адбудзецца прамоцыя чатырох кніжак, перакладзеных на беларускую мову. Сярод іх раман клясычнай польскай літаратуры «Лялька» Б.Пруса, упершыню перакладзены на польскую мову. Таксама кніжка, якая навязвае да 100-годзьдзя вяртаньня незалежнасьці – пра важных жанчын міжваеннага дваццацігодзьдзя. Гэта біяграфіі жанчын, якія ў міжваенны час працавалі на карысьць Польшчы, але яны былі таксама зьвязаныя з Беларусьсю, напрыклад, славутая партнэрка мастака Ўладзіслава Стшэміньскага Катажына Кобра была зьвязаная зь Беларусьсю. Яна тут жыла і працавала.

Гаспадары польскага стэнду разьлічваюць на тое, што наведвальнікам кніжнага кірмашу ў Менску спадабаецца «Польская кухня» на беларускай мове.

Т.Адамскі: Гэта такі падручнік – якім чынам падрыхтаваць простыя польскія стравы. Яго задача: прамаваць польскую кухню, а таксама Польшчу з дапамогай смаку. У кніжцы з дапамогай малюнкаў паказана, як падрыхтаваць польскае блюда. Гэтая кніжка ўжо выклікае вялікую зацікаўленасьць, а прэзэнтацыя, заплянаваная на нядзелю, я спадзяюся, стане вялікім хітом гэтага кірмашу.

Паводле дырэктара Польскага інстытуту ў Менску, беларусам спадабаецца таксама кніжка Сяргея Пясэцкага.

Т.Адамскі: Гэта першы том беларускай, менскай трылёгіі Сяргея Пясэцкага «Яблычак». Мы ўпершыню выдаём гэта па-беларуску. Гэта першы з трох тамоў, якія будуць выдадзеныя ў гэтым годзе. Гэтую кніжку мы прамуем як літаратуру, якая паказвае менскую рэчаіснасьць на пачатку дваццатага стагодзьдзя. Пясэцкі тут падабаецца, але многія ягоныя кніжкі яшчэ не перакладзеныя на беларускую мову. Мы запаўняем гэты прабел.

Кніжны кірмаш зьяўляецца нагодай таксама для пашырэньня ідэі добрых зносін паміж народамі, – лічыць польскі дыплямат у Менску Міхал Хаброс.

М.Хаброс: У Польшчы і Беларусі шмат супольнага, шэраг супольных гістарычных герояў, агульнай гістарычнай спадчыны. Аб гэтым тут памятаюць. І наша задача ў тым, каб клясыку польскай літаратуру ў Беларусі ведалі, а з другога боку, каб і новыя сучасныя кніжкі, як мастацкія, так і прафэсійная літаратура, таксама паступалі ў Беларусь. Дзякуючы гістарычнай блізкасьці, а таксама моўнага падабенства, польская літаратура мае шанцы знайсьці свайго чытача ў Беларусі.

Польскую літаратуру на XXV Менскай міжнароднай выставе-кірмашы паказвае ня толькі польскі стэнд. Беларускія выдавецтвы таксама выдаюць польскіх аўтараў, аднак найчасьцей на расейскай мове.

Кніжны кірмаш у Менску працягнецца да 4 сакавіка.

Яланта Сьмялоўская/Уладзімер Пац

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт