Logo Polskiego Radia
Print

19 гадоў таму Польшча стала чальцом NATO

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 12.03.2018 14:57
  • 19 гадоў таму Польшча стала чальцом NATO.mp3
Польскія салдаты прысутнічаюць у структурах шматнацыянальных батальёнаў у Летуве, Латвіі і ў Румыніі.
Источник: пресс-материалы

Прайшло 19 гадоў з моманту ўступленьня Польшчы ў NATO. Перад далучэньнем да пакту ў 1999 годзе Польшчы, Чэхіі й Вугоршчыны NATO налічвала 16 чальцоў. Сёньня ў Паўночнаатлянтычным альянсе 29 удзельнікаў. У чэрвені мінулага года далучылася Чарнагорыя.

Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак падкрэсьліў сёньня, што краіна, выдзяляючы 2% ВУП на абаронныя мэты, знаходзіцца ў групе лідэраў сярод усіх краін NATO. Дзякуй гэтаму пазыцыя Польшчы ў альянсе замацоўваецца, кажа Марыюш Блашчак.

М.Блашчак: Удзел польскіх жаўнераў у замежных місіях пад сьцягам NATO зьяўляецца яскравым доказам таго, што мы клапоцімся пра бясьпеку ў рэгіянальным і глябальным вымярэньні. Польскія самалёты ў небе Іраку й балтыйскіх дзяржаваў, нашыя караблі на моры, ваенныя кантынгенты ў розных краінах ¬- гэта наш рэальны ўнёсак у міравую бясьпеку. Два дзясяткі гадоў польскія салдаты служаць у палітычных і ваенных структурах NATO. І гэта таксама польскі ўклад у посьпехі альянсу.

Вернемся ў тыя часы, калі 12 сакавіка 1999 года ў горадзе Індэпэндэнс у ЗША міністар замежных спраў Браніслаў Герэмек уручыў дзяржаўнаму сакратару ЗША Мадлен Олбрайт дакумэнт аб ратыфікацыі Паўночнаатлянтычнага дагавору. Разам з Польшчай былі прынятыя таксама Чэхія й Вугоршчына. Гэта было чацьвёртае пашырэньне NATO.

Падчас цырымоніі ў Індэпэндэнсе Мадлен Олбрайт падкрэсьліла, што гэты дзень зьяўляецца сапраўдным сьвятам для Альянсу й краін Эўропы:

М.Олбрайт: Сёньня мы паказваем нашым дзеяньнем, што краіны Іштвана Першага Сьвятогаы, Вацлава Гаўла ды Капэрніка й Яна Паўла Другога цалкам і незваротна належаць да атлянтычнай супольнасьці ў імя абароны міру.

У той жа дзень, 12 сакавіка 1999 году, у Варшаве на Плошчы Пілсудзкага адбылася цырымонія ўзьняцьця сьцяга NATO. Падпалкоўнік Веслаў Грудзіньскі прачытаў загад тагачаснага міністра абароны Януша Анышкевіча.

В.Грудзіньскі: Жаўнеры! У дзень далучэньня Польшчы да Паўночнаатлянтычнага Саюзу, перад магілай Невядомага жаўнера ў Варшаве, загадваю ўзьняць разам з нацыянальным сьцягам Польшчы сьцяг Паўночнаатлянтычнага саюзу – міністар нацыянальнай абароны Януш Анышкевіч.

Напярэдадні ўступленьня Польшчы ў NATO тагачасны прэм'ер-міністар Ежы Бузэк у прысутнасьці ўсіх прэмʼераў Польшчы, якія займалі гэтую пасаду з 1989 года, афіцыйна абвясьціў аб тым, што Польшча становіцца членам Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Е.Бузэк: Мы прыкладзем усе намаганьні, каб найважнейшыя каштоўнасьці Альянсу, якімі зьяўляюцца свабода й дэмакратыя, выконваліся ўсімі чальцамі супольнасьці, назвай - якой NATO.

Польскі шлях ў NATO пачалаў значна раней, калі ў 1990 годзе Польшча ўстанавіла дыпляматычныя адносіны з Альянсам. Празь дзевяць гадоў, у пачатку 1999 году, закон аб ратыфікацыі Паўночнаатлянтычнага дагавора прыняў польскі парлямэнт, а затым, у лютым тагачасны прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі падпісаў Акт аб далучэньні Рэспублікі Польшчы да NATO. Польскае радыё праводзіла трансьляцыю з гэтай урачыстасьці.

«Якраз у гэты момант прэзыдэнт Вацлаў Гавел падпісвае ратыфікацыйны дакумэнт. Іх адкрывае таксама прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі й пачынае падпісваць чатыры дакумэнты. Два арыгінальныя застануцца ў Польшчы: адзін у Прэзыдэнцкім палацы, другі - у Палацы Рады міністраў, а дзьве копіі трапяць у Злучаныя Штаты».

У ліпені 2016 года Польшча прымала самы вялікі ў гісторыі саміт NATO. У ходзе сустрэчы было прынята рашэньне, каб умацаваць усходні флянг саюзу праз разьмяшчэньне чатырох батальёнаў на тэрыторыі Польшчы й прыбалтыйскіх дзяржаваў. Зь ініцыятывай па пашырэньні прысутнасьці ў Эўропе выступілі Злучаныя Штаты Амэрыкі пасьля захопу Крыму Расеяй у 2014 годзе.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што за кожны батальён будзе адказваць іншая краіна-член альянсу.

Э.Столтэнбэрг: Я рады абʼявіць аб тым, што Канада будзе адказваць за батальён у Латвіі, Нямеччына падрыхтуе батальён у Летуве, Вялікабрытаньня ў Эстоніі, а ЗША будуць служыць у якасьці адказнай дзяржавы ў Польшчы.

7 студзеня ў мінулым годзе, першыя салдаты NATO прыбылі ў Польшчу. Прывезена таксама цяжкае абсталяваньне, у тым ліку 18 самаходных гаўбіц Paladin 144 і баявыя машыны пяхоты «Брэдлі». 14 студзеня 2017 г. у мясовасьці Жагань (Żagań) на захадзе Польшчы, дзе стаяць некалькі воінскіх часьцей, польскія ўлады з прэмʼер-міністрам Бэатай Шыдла на чале ўрачыста сустракалі амэрыканскіх салдат.

Б.Шыдла: Гэта вялікі дзень, калі мы можам на польскай зямлі, тут, у Жагані, вітаць прадстаўнікоў самай магутнай і найлепшай арміі ў сьвеце.

За цёплы прыём падзякаваў генэрал Цімаці МакГуайр (Timothy McGuire), намесьнік камандуючага сухапутнымі войскамі ЗША ў Эўропе. Ён запэўніў, што амэрыканцы радыя й ганарацца тым, што прыехалі ў Польшчу.

Ц.Макгуайр: Сёньня нашыя жаўнеры задзіночана стаяць на польскай зямлі, гатовыя служыць разам, каб адпужваць ворага й абараняць. Прыбыцьцё Трэцяй баявой брыгады з сэрца Злучаных Штатаў, зьяўляецца важкім доказам нашага абавязацельства абараняць Польшчу й Паўночнаатлянтычны альянс.

У верасьні мінулага году адбылася першая зьмена разьмешчаных у Польшчы амэрыканскіх салдат. Нагадаем, амэрыканцы знаходзяцца ў Польшчы са студзеня 2017 году. У Польшчу прыехала Другая бранетанкавая брыгадная баявая група 1-й пяхотнай дывізіі арміі ЗША. Яе складаюць больш чым 3300 салдат, 87 танкаў «Абрамс» і 103 БМП «Брэдлі».

У цяперашні час у Польшчы разьмешчаныя салдаты аднае з чатырох шматнацыянальных баявых груп.

Войскі NATO дысьлякуюцца ў паўночна-ўсходняй частцы Польшчы ў рэгіёне Мазуры. Там служаць вайскоўцы з ЗША, Вялікабрытаніі, Румыніі й Харватыі.

У Польшчы ў горадзе Эльблёнг знаходзіцца камандаваньне альянсу, якое каардынуе дзеяньні ўсіх чатырох батальёнаў, разьмешчаных на ўсходнім флянгу: у Латвіі, Летуве, Эстоніі й Польшчы.

Польскія салдаты прысутнічаюць у структурах шматнацыянальных батальёнаў у Летуве, Латвіі і ў Румыніі.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт