Logo Polskiego Radia
Print

Чарговы раз павышаюцца цэны на аўтамабільнае паліва

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.04.2018 09:15
У 2017 годзе цана на паліва павялічвалася сем разоў, а да гэтага больш за два гады не зьмянялася.
pixabay.com/Public Domain CC0

Канцэрн „Белнафтахім” зноў павышае розьнічныя цэны на аўтамабільнае паліва.
„Розьнічныя цэны на аўтамабільны бэнзін і дызэльнае паліва з 4 красавіка на аўтазаправачных станцыях павялічваюцца на 1 капейку, або ў сярэднім на 0,75%”, — гаворыцца ў паведамленьні канцэрна.

Кошт літра бэнзіну АІ-92-К5-Эўра складзе 1,26 рубля, АІ-95-К5-Эўра — 1,34, АІ-98-К5-Эўра — 1,55, ДП — 1,37.

Цяперашняе падаражаньне стане шостым з пачатку году, у сакавіку цэны павышаліся чатыры разы. Першае адбылося 8 лютага, калі кошт паліва вырас на 2 капейкі, 10, 15, 24 і 30 сакавіка цана павышалася на 1 капейку.

Раней крыніца ў нафтахімічнай галіне заявіла, што на працягу найбліжэйшых месяцаў плянуецца павысіць цэны на аўтамабільнае паліва да ўзроўню цэн на прыгранічных запраўках у Расеі. Паводле інфармацыі, гаворка ідзе пра павышэньне ўнутранай цаны на бэнзін на 8%, дызэльнага паліва — на 4,5%.

Мяркуецца, што цяперашні этап павышэньня ўнутраных цэн на паліва працягнецца да траўня. „Калі ў траўні прыйдзем да цэн на паліва на ўнутраным рынку, якія супастаўныя з расейскімі, і не адбудзецца ніякіх макраўзрушэньняў, то абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы атрымаюць прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі. Што тычыцца чыстага прыбытку, то з улікам закрэдытаванасьці заводаў многае ў гэтым пляне залежыць ад стабільнасьці абменнага курсу рубля, паколькі крэдыты прыцягваліся ў замежнай валюце”, — паведаміла крыніца ў нафтахімічнай галіне.

Яна растлумачыла, што ў пачатку гэтага году страты ад рэалізацыі паліва на ўнутраным рынку прыкладна ў два разы перавышалі прыбытак заводаў ад рэалізацыі прадукцыі на экспарт.

У 2017 годзе цана на паліва павялічвалася сем разоў, а да гэтага больш за два гады (пасьля 13 студзеня 2015 году) не зьмянялася.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт