Logo Polskiego Radia
Print

Грамадзяне Беларусі і Расеі падбухторвалі палякаў супраць украінцаў

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 21.05.2018 17:18
Сталі вядомы падрабязнасьці пра затрыманую контраразьведкай Польшчы расейку.
abw.gov.pl

Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы 17 траўня затрымала грамадзянку Расеі Кацярыну Цывільскую, якая дапамагала арганізоўваць антыўкраінскія акцыі за расейскія грошы расейскага алігарха. Падрабязнасьці паведамляе партал Polukr.net.

Як высьветлілася, Цывільская — знаёмая грамадзяніна Беларусі Аляксандра Усоўскага, які яшчэ ў 2014 годзе каардынаваў антыўкраінскія акцыі ў Польшчы, а таксама ў суседніх Славакіі і Вугоршчыне.

Паводле прэс-сакратара Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы, Цывільская рабіла “спробы кансалідацыі прарасейскіх асяродкаў у Рэспубліцы Польшча вакол двух прыярытэтных для расейскага боку пытаньняў: падбухторваньня польска-ўкраінскай варожасьці, а таксама аспрэчваньня польскай гістарычнай палітыкі і замены яе на расейскія погляды”.

Паводле профілю Цывільскай на партале Goldenline.pl, затрыманая грамадзянка Расеі ў кастрычніку 2013 году пачала вучыцца ў дактарантуры Ягелёнскага ўнівэрсытэту ў Кракаве. Але ці скончыла навучаньне, зьвестак няма. Са зьмешчанай у інтэрнэце інфармацыі вядома, што яна займалася перакладамі з польскай мовы на расейскую і наадварот. Стала жыла ў Кракаве, шукала працу ў рэкляме, маркетынгу, на курсах расейскай мовы, а таксама „ахвотна магла дапамагчы ў арганізацыі польска-расейскіх кантактаў”. Была таксама мадэратарам прарасейскіх груп у фэйсбуку.

Паводле зьвестак з фэйсбуку, Кацярына Цывільская да 2013 году жыла ў Варонежы, дзе працавала ў Інтытуце высокіх тэхналёгій, варонескім філіяле Расейскай акадэміі дзяржаўнай службы і Варонескім дзяржаўным унівэрсытэце.

Цікавая інфармацыя зьмешчана ў інтэрнэце пра сувязі Цывільскай з Усоўскім. Яшчэ ў пачатку 2017 году хакеры з групы Ukrainian Cyber Alliance апублікавалі інфармацыю пра тое, што ў 2014 годзе Ўсоўскі атрымаў ад расейскага алігарха Малафеева 100 тысяч эўра на арганізацыю антыўкраінскіх акцый у Польшчы, Славакіі і Вугоршчыне. У Польшчы Ўсоўскі кантактаваў з арганізацыяй Obóz Wielkiej Polski, зь якім была зьвязана таксама Цывільская. Усоўскі таксама падтрымліваў сувязі з акружэньнем Матэвуша Піскорскага, былога дэпутата Сэйму ад Samoobrony, лідара партыі Zmiana, які цяпер знаходзіцца ў турме па абвінавачваньні ў шпіянажы на карысьць Кітаю і Расеі.

У перапісцы паміж Цывільскай і Усоўскім можна знайсьці шмат інфармацыі пра дзейнасьць расейскай грамадзянкі ў Польшчы, а таксама пра яе адносіны да Ўкраіны і бягучых палітычных падзей з 2014 да 2017 году.

Цывільская піша, што ў Польшчу была запрошана спадаром Мякішавым, выкладчыкам з Варонежу, які працаваў у Кракаве. Аднак жыцьцё ў Польшчы Цывільскай не спадабалася: „цяжка прывыкнуць, мяне ўсё раздражняе”. Але неўзабаве пасьля пераезду яна выйшла замуж за жыхара Кракава — Міхала Ц.

Яшчэ ў 2015 годзе Цывільская хацела вярнуцца ў Расею, але Ўсоўскі пераконваў яе застацца. Праз жанчыну Ўсоўскі шукаў у Польшчы арганізацыі і людзей, якія маглі б распаўсюджваць расейскую прапаганду. Таксама Ўсоўскі зьбіраўся праз рахунак Цывільскай плаціць польскім журналістам, якія б згадзіліся пісаць прарасейскія матэрыялы.

вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт