Logo Polskiego Radia
Print

Русы: Праблему з пастаўкамі малочкі ў Расею здымем да канца тыдня

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.06.2018 09:07
„Пытаньні заўсёды будуць, нельга адкідаць і чалавечы фактар”, - намесьнік прэм'ера Міхаіл Русы.
Myriams-Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Праблему з пастаўкамі беларускай малочкі ў Расею плянуецца вырашыць да канца тыдня. Аб гэтым паведаміў намесьнік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы ў час наведваньня міжнароднай спэцыялізаванай выстаўкі „Белагра-2018”, паведамляе дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.

„Што камэнтаваць рашэньне Рассельгаснагляду - працаваць трэба(…) Думаю, здымем праблемныя пытаньні літаральна да канца тыдня", - сказаў Міхаіл Русы.

Як паведамлялася, Рассельгаснагляд аб'явіў, што з 6 чэрвеня ўводзіць часовыя абмежаваньні на пастаўку некаторых відаў беларускай малочнай прадукцыі ў тары больш за 2,5 л. Міхаіл Русы не выключае, што спрэчныя пытаньні паміж краінамі будуць узьнікаць і далей.

„Пытаньні заўсёды будуць, нельга адкідаць і чалавечы фактар (…) Я разумею, што Расея цяпер хоча навесьці парадак з шэрым імпартам, фальсыфікацыяй - і гэта правільна, але мы павінны разам працаваць у гэтым напрамку”, - упэўнены віцэ-прэм'ер.

Ён адзначыў, што на канструктыўнае ўзаемадзеяньне нацэлена й падпісаньне прагнозных балянсаў.

„Расея ўзгадніла нам балянсы, пацьвердзіла па малаку 103 працэнты да мінулага году, мы расьпісалі, колькі, як і што будзем пастаўляць. А цяпер проста павінны працаваць”, - дадаў Міхаіл Русы.

Міжнародная спэцыялізаваная выстаўка „Белагра-2018” адкрылася 5 чэрвеня ў гандлёва-лягістычным цэнтры „Глобус Парк” у аграгарадку Шчомысьліца Менскага раёна. Удзел у выстаўцы прымаюць 536 кампаній з 28 краін, сярод якіх Аўстрыя, Вялікабрытанія, Нямеччына, Данія, Гішпанія, Італія, Польшча, Расея, ЗША, Украіна, Фінляндыя.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт