Logo Polskiego Radia
Print

Польскі ўрад абмяркоўвае пытаньне павышэньня мінімальнай зарплаты

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.06.2018 08:12
Цяпер «мінімалка» складае 2100 злотых (492 эўра), пасьля павышэньня было б 2250 злотых (515 эўра).
www.pixabay.com

Польскі ўрад абмяркоўвае пытаньне павышэньня мінімальнай зарплаты. Міністар сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Альжбета Рафальска прапануе павялічыць мінімальны заробак на 150 злотых (35,12 эўра). Цяпер «мінімалка» складае 2100 злотых (492 эўра), пасьля павышэньня было б 2250 злотых (515 эўра).

Пагадзінная стаўка, паводле Рафальскай, павінна павялічыцца на адзін злоты зь цяперашніх 13,70 злотага (3,20 эўра) да 14,70 злотага (3,44 эўра). На павышэньне заробкаў не пагаджаецца Міністэрства фінансаў.

Урад да 15-га чэрвеня павінен падрыхтаваць адпаведную прапанову для кансультацыі з Радай па сацыяльным дыялёгу, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі ўраду, працадаўцаў і прафсаюзаў.

Прафсаюзы ўжо даўно патрабуюць павысіць мінімальную заработную плату да 50 працэнтаў сярэдняй заработнай платы. Катажына Цімэр-Драбчык з прафсаюзу «Салідарнасьць» заявіла, што прафсаюзы чакаюць перамоваў па гэтай справе.

К.Цымэр-Драбчык: Для прафсаюзаў найважнейшым зьяўляецца дасягнуць мінімальны заробак у памеры паловы сярэдняй па краіне зарплаты. Гэта супадае зь міжнароднымі правіламі і заявамі, прынятымі раней яшчэ Трохбаковай камісіяй.

У сваю чаргу, працадаўцы прапануюць, каб мінімальная заработная плата павялічылася толькі на законны мінімум, то бок 117 злотых (27,40 эўра) (міністар працы прапануе на 8 эўра больш).

Прадстаўнік працадаўцаў Лукаш Казлоўскі з арганізацыі Pracodawcy RP пераконвае, што ў Польшчы нельга імкнуцца да павелічэньня мінімальнай заработнай платы ў памеры 50% сумы сярэдняй заработнай платы за адзін год.

Л.Казлоўскі: Мы павінны імкнуцца дасягнуць гэта памалу, каб не пахіснуць эканамічным ростам. І не прывесьці да такой сытуацыі, што рост заробкаў будзе большы, чым рост прадукцыйнасьць працы.

Зараз мінімальны заробак у Польшчы складае 2100 злотых (492 эўра) – гэта 46% сярэдняга заробку па краіне.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт