Logo Polskiego Radia
Print

„Палянэз” пачынаўся з Польскага радыё (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 18.06.2018 15:12
  • 0618 Палянэз зь Менску ў Варшаве.mp3
Хор зь Менска выступаў і перамагаў на варшаўскім фэстывалі гістарычнага танца і музыкі.
Варшава, пляц Замковы. 17 чэрвеня 2018 г. Цырымонія адкрыцьця IV Міжнароднага фэстывалю палянэзаВаршава, пляц Замковы. 17 чэрвеня 2018 г. Цырымонія адкрыцьця IV Міжнароднага фэстывалю палянэзаФота: Віктар Корбут/radyjo.net

16-17 чэрвеня ў Варшаве адбыўся чацьвёрты Міжнародны фэстываль палянэза. Сярод удзельнікаў з Польшчы, Мэксыкі, Гішпаніі былі і госьці зь Беларусі. Ужо трэці раз у фэстывалі прымаў удзел хор “Палянэз” зь Менска.

Фэстываль палянэзу арганізуе ў Варшаве Фонд сяброўства людзей і жывёл Cze-ne-ka, ансамбль гістарычнага танца Chorea Antiqua, а таксама Бялянскі цэнтар культуры (Бяляны — раён Варшавы).

Сёлета фэстываль праходзіў пад ганаровым патранажам Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, паслоў Беларусі, Гішпаніі і Мэксыкі.

Афіша
Афіша IV Міжнароднага фэстывалю палянэза

Апоўдні ў нядзелю ўдзельнікі фэстывалю сабраліся ў самым цэнтры Варшавы — на пляцы Замковым. На фоне Каралеўскага замка людзі ва ўбраньнях часоў Рэчы Паспалітай глядзеліся вельмі арганічна. Зь імі ахвотна фатаграфаваліся прахожыя. А турысты з захапленьнем назіралі, як удзельнікі фэстывалю танцуюць старадаўнія польскія танцы.

Мар’я Чарвіньска, кіраўнік ансамбля гістарычнага танца Chorea Antiqua, заснавальніца Міжнароднага фэстывалю палянэза: Мы зьяўляемся ансамблем, які займаецца рэканструкцыяй танцаў, якія выконваліся ў палацах у эпохі рэнэсансу, барока, ракако — гэта значыць, з XVI і да XIX стагодзьдзя. Аднойчы я мела магчымасьць пабачыць, як прыгожа ў Беларусі танцуюць палянэз. І тады я вырашыла, што і ў нас павінен быць фэстываль. І такі фэстываль я ўпершыню арганізавала чатыры гады таму.

Вы сказалі, што ў Беларусі лепш за ўсё танцуюць палянэзы. Ці гэта на самай справе так?

Мар’я Чарвіньска: Так, сапраўды. У Беларусі культывуюць традыцыі Міхала Клеафаса Агінскага і танцуюць палянэз штогод. Праз год там пройдзе ўжо 15-ы фэстываль палянэза, а наш праз год будзе пяты.

На
На першым пляне зьлева -- Мар’я Чарвіньска, кіраўнік ансамбля гістарычнага танца Chorea Antiqua, заснавальніца Міжнароднага фэстывалю палянэза

Адзін з удзельнікаў фэстывалю палянэза, жыхар Варшавы спадар Павал працуе юрыстам. А на пляцы Замковым ён зьявіўся ў адзеньні магната, падпяразаны кунтушовым (слуцкім) поясам.

Павал, удзельнік ансамбля гістарычнага танца Chorea Antiqua: Мы танцуем перш за ўсё польскія танцы, палянэзы, але таксама і танцы эпохі барока — XVIII стагодзьдзя. Мяне прыцягвае гісторыя. Люблю гэты пэрыяд. Дзякуючы танцу я глыбей пазнаю тагачасную культуру.

Павал,
Павал, жыхар Варшавы, удзельнік ансамбля гістарычнага танца Chorea Antiqua, Міжнароднага фэстывалю палянэза

Музыка стала адной з форм далучэньня да нацыянальнай культуры і для многіх жыхароў Беларусі польскага паходжаньня. Напрыклад, для ўдзельнікаў ансамбля “Палянэз”, які ўзьнік пры менскім аддзеле Саюза палякаў на Беларусі. Гэты калектыў ўжо трэці год запар удзельнічае ў варшаўскім фэстывалі. Летась нават стаў яго пераможцам. Сёлета мянчане зноў прыехалі ў сталіцу Польшчы і выступілі на сцэне Сельскагаспадарчай бібліятэкі, дзе адбыўся галя-канцэрт фэстывалю.

Натальля Крывашэева, мастацкі кіраўнік хору “Палянэз” пры менскім аддзеле Саюза палякаў на Беларусі: Наш калектыў існуе ўжо 16 гадоў. Ён быў створаны пры касьцёле Сьвятых Сымона і Алены ў Менску беларускамі польскага паходжаньня. Яны сьпявалі падчас польскамоўнай імшы, а таксама выконвалі польскія народныя і патрыятычныя песьні. Такіх аматарак польскай песьні і культуры было спачатку нямнога. Далей хор пачаў разрастацца. У хор прыйшлі і мужчыны. А аб’яднала ўсіх паміж сабой харызматычная яркая таленавітая асоба — Яніна Брычкоўская. Апошнія пяць гадоў хорам кірую я. Ансамбль цяпер аб’ядноўвае пераважна людзей каталіцкага веравызнаньня і польскага паходжаньня.

Зьлева
Зьлева — Натальля Крывашэева, мастацкі кіраўнік хору “Палянэз” пры менскім аддзеле Саюза палякаў на Беларусі

Дарэчы, значную частку рэпэртуару хору складаюць песьні на беларускай мове. Увогуле ж, у “Палянэз” можа прыйсьці кожны, хто шануе польскую культуру або проста любіць сьпяваць.

Віктар Ахраменка, удзельнік хору “Палянэз”: Усё атрымалася выпадкова. Адна харыстка “Палянэза” даведалася пра тое, што я ўмею сьпяваць і прапанавала пайсьці сьпяваць у польскі хор. Я спачатку адмаўляўся, бо я беларус. А пасьля падумаў... Мая жонка была палячкай, яе ўжо 12 год няма. І мне здалося, што мой удзел у хоры, тое, што я сьпяваю па-польску, — гэта будзе свайго роду “помнік” маёй жонцы. І вось я ўжо больш за пяць гадоў сьпяваю палянэзы.

Віктар
Віктар Ахраменка, удзельнік хору “Палянэз”

У кожнага ўдзельніка “Палянэза” свая гісторыя прыходу ў хор. У некаторых спачатку зьявілася цікавасьць да польскай эстрады. Яшчэ ў савецкія часы.

Аляксандар Далгоўскі, удзельнік хору “Палянэз”: У свой час, калі я быў вельмі малады, зацікавіўся польскай музыкай, творчасьцю групы Czerwone Gitary, Чэслава Немана. А пачалося ўсё з таго, што я і мае сябры лавілі хвалі Польскага радыё, на якіх гучала поп-, рок-музыка польскіх выканаўцаў. Я ўвогуле лічу, што нашы народы — гэта вельмі блізкія браты, у якіх і агульная гісторыя, і, упэўнены, таксама і будучыня.

17
17 чэрвеня 2018 г. Варшава, пляц Замковы. Удзельнікі хору “Палянэз” на цырымоніі адкрыцьця IV Міжнароднага фэстывалю палянэза

Хор “Палянэз” ужо вярнуўся ў Менск. Але ў Варшаве пра яго выступленьне засталася добрая памяць. І ў наступным годзе ў польскай сталіцы зноў прагучаць мэлёдыі ў выкананьні гасьцей зь Беларусі.

Віктар Корбут

Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

17
17 чэрвеня 2018 г. Варшава, пляц Замковы. Цырымонія адкрыцьця IV Міжнароднага фэстывалю палянэза
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт