Logo Polskiego Radia
Print

„Варшаўскі мост”. Міхал Клеафас Агінскі (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 21.06.2018 10:01
  • 0621 Варшаўскі мост Агінскі.mp3
Адна мэлёдыя праславіла цэлую сям’ю.
Міхал Клеафас АгінскіМіхал Клеафас АгінскіФота: commons.wikimedia.org/Public Domain

Міхал Клеафас Агінскі вядомы ўсяму сьвету як аўтар палянэза “Разьвітаньне з радзімай”. Аднак ён быў яшчэ і палітыкам: прычым то прарасейскім, то антырасейскім.

...У Слоніме ёсьць Опэрная вуліца. Дзіўна, на першы погляд. Дзе тут тэатар? Мясцовыя жыхары мне нічога растлумачыць не змаглі. Паціскалі плячыма: ня ведаюць, ня чулі. Але быў у Слоніме тэатар. Была опэра! Толькі вельмі даўно. У канцы XVIII стагодзьдзя.

У 70-я гады XVIII стагодзьдзя Слонім належаў Міхалу Казімеру Агінскаму, гетману Вялікага Княства Літоўскага. На старым Замчышчы ён пабудаваў сваю рэзыдэнцыю ў стылі ракако. А паміж палацам і ракой Шчарай паставіў тэатар.

На рацэ магнат арганізоўваў водныя фэерыі, а парк служыў дэкарацыяй да многіх спэктакляў. Паказвалі на тутэйшай сцэне ня толькі опэрныя пастаноўкі, але і балетныя нумары.

Мясцовыя майстры балета з часам склалі аснову Таварыства танцораў Яго Каралеўскай Мосьці ў Варшаве. Слонім у той час называлі паўночнымі Атэнамі. Але, на жаль, гетман залез у даўгі і прагарэў. Прыйшла ў заняпад і высокая культура.


Менск.

Менск. Фрагмэнт музычнай лаўкі, прысьвечанай Міхалу Клеафасу Агінскаму Фота: Дзьмітрый Ласько

Міхал Клеафас Агінскі праславіўся перш за ўсё палянэзам «Разьвітаньне з радзімай». Аўтар славутага музычнага твора нарадзіўся ў 1765 годзе ў радавым маёнтку на тэрыторыі сучаснай вёскі Гузуў, што знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад Варшавы, амаль у самым цэнтры сучаснай Польшчы.

Агінскі быў паслом Рэчы Паспалітай у Галяндыі, Лёндане.

Аднак у 1791 годзе мусіў прысягнуць расійскай імпэратрыцы Кацярыне II, каб захаваць свае маёнткі ва ўсходняй частцы сучаснай Беларусі — на тэрыторыі, далучанай да Расеі яшчэ ў 1772 годзе.

Дарэчы, Агінскі не падтрымліваў Канстытуцыю 3 траўня 1791 года. Быў дэпутатам Гарадзенскага сэйма — парлямэнта Рэчы Паспалітай, які прыняў рашэньне аб перадачы Расеі ўсходніх зямель Беларусі.

Аднак у 1794 годзе Міхал Клеафас Агінскі падтрымаў паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі за незалежнасьць Польшчы, сам ваяваў з расейцамі.

Так, у чэрвені 1794 года двойчы спрабаваў прабіцца пад Менск, каб падняць там паўстаньне.

А ў 2015 годзе ў Менску зьявілася музычная лаўка ў гонар Агінскага — зь яго радавым гербам. Лаўка знаходзіцца на плошчы Свабоды, недалёка ад ратушы.

Пасьля задушэньня паўстаньня расейцы канфіскавалі маёнткі Агінскага.

Аднак пасьля прыходу да ўлады ў Санкт-Пецярбургу Аляксандра I у Міхала Клеафаса Агінскага зьявілася магчымасьць вярнуць страчанае.

У 1801 годзе Агінскі зьяўляецца ў Горадні — там, дзе амаль дзесяць гадоў перад гэтым галасаваў за перадачу Расеі цэнтральнай Беларусі. Тут ён прысягае на вернасьць расейскаму імпэратару.

А неўзабаве пераяжджае ў Санкт-Пецярбург. Тут становіцца сэнатарам Расейскай імпэрыі, у 1810 годзе атрымлівае чын тайнага саветніка, ордэны Сьв. Уладзімера і Аляксандра Неўскага.

Пасьля таго як Напалеон аднавіў пад сваім пратэктаратам польскую дзяржаву, Агінскі прапанаваў тое самае зрабіць Аляксандру І — на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Аднак расейскі манарх ідэю гэту не падтрымаў.

Вільня,
Вільня, вул. Дамінікону, 18. Фрагмэнт фасада былога палаца, дзе жыў М. К. Агінскі

У жыцьці Агінскага важную ролю адыграла Вільня.

Увогуле, у сталіцы Літвы Агінскія вядомы прынамсі з XVI ст. Цэлы квартал — паміж вуліцамі Арклю і Руднінку — займае велізарны палац магнатаў.

Крокі Міхала Клеафаса Агінскага дакладна памятаюць муры дома на вул. Дамінікону, 18. Тут жыла Марыя Нагурская, якая ў 1803 годзе стала жонкай Агінскага. Так у палацы “прапісаўся” і наш вядомы палітык і кампазытар. Вядома, што ў той час будынак быў афарбаваны ў жоўты колер, пакрыты чарапіцай, двор забрукаваны.

У 1810 годзе Агінскі пераехаў у Санкт-Пецярбург. І толькі ў 1817-м вярнуўся ў Вільню.

Пасьля сьмерці Агінскага віленскі дом заставаўся ўласнасьцю ўдавы і сына — Ірэнэуша. Пазьней домам валодала Ірэнэушава жонка Вольга — да самай сьмерці ў 1899-м. Яе сын Богдан у 1909 годзе памёр у вар’ятні. На гэтым прозьвішча Агінскіх зьнікае з аналаў гісторыі будынка.

Калі не лічыць таго, што ў гонар Міхала Клеафаса Агінскага яшчэ ў 1920-я гады ў прадмесьці Антокаль была названа вуліца — цяперашняя Oginskio.

Вільня.
Вільня. Малюнак 1805 г. Фота: Vladas Drėma, Dingęs Vilnius: "Vaga", 1991

Калі ж у жыцьці Міхала Клеафаса Агінскага зьяўляецца Залесьсе, дзе, як лічыцца, ён напісаў свой славуты палянэз “Разьвітаньне з Радзімай”?

У красавіку 1802 года Міхал Клеафас Агінскі, мабыць, упершыню прыехаў у Залесьсе, якое яму дасталося ў спадчыну ад сваяка — Францішка Ксавэрыя Агінскага.

У той час Агінскі працаваў над музычнымі творамі, а таксама пісаў мэмуары. У 1817 годзе ў Вільні былі надрукаваны два зборнікі палянэзаў і рамансаў кампазытара.

Агінскі ў сваім жыцьці занадта шмат часу прысьвячаў палітыцы, а музыка была бадай яго хобі, як бы мы сказалі сёньня. Яшчэ падчас дыпляматычнай працы на захадзе Эўропы ён пазнаёміўся з Гайднам і Моцартам.

У Залесьсі Агінскага не было з чэрвеня 1812 года да канца вайны з Напалеонам. Гэты час ён правёў у Санкт-Пецярбургу. А потым зноў вярнуўся ў маёнтак. Тут ён жыў да 1822 года. Цяпер у былым палацы Агінскага дзейнічае музэй.

У 1823 годзе Міхал Клеафас Агінскі разам зь сям'ёй пакінуў бацькаўшчыну назаўсёды і выехаў у Італію. Тут ён пражыў апошнія дзесяць гадоў жыцьця.

Пахаваны ў Флярэнцыі, у касьцёле Сьв. Крыжа, побач з Галілеем, Расіні, Макіявелі.

Віктар Корбут

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт