Logo Polskiego Radia
Print

Палякі ў топ-5 турыстаў у Беларусі

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 24.06.2018 08:22
  • 0623 Польскія турысты ў РБ.mp3
Але многія падарожнікі з-за Буга ўсё яшчэ абмінаюць краіну ў геаграфічным цэнтры Эўропы.
Нясьвіж. Замак РадзівілаўНясьвіж. Замак РадзівілаўФота: pixabay.com/Alexeev_Alexey

Грамадзяне Польшчы ўваходзяць у топ-5 турыстаў, якія наведваюць Беларусь. З 2017 года ў палякаў зьявіліся новыя магчымасьці для падарожжа ў Менск, Горадню, Берасьце. Можна паехаць у блізкую краіну бязь візы.

У Горадню і Берасьце палякі могуць прыехаць бязь візы ажно на 10 дзён. Але толькі аўтадарогай або чыгункай.

Каб паглядзець усю Беларусь бязь візы, паляку трэба ляцець у менскі аэрапорт. І разьлічваць сваё падарожжа ўсяго на пяць дзён.

Або ісьці ў беларускае пасольства і падаваць дакумэнты на візу.

Гэта адзіныя магчымыя варыянты для тых, хто хоча заехаць далей за Горадню і Аўгустоўскі канал або за Берасьце і Белавескую пушчу.

Лілія
Лілія Кобзік. Фота: facebook.com

Лілія Кобзік, рэдактар сайта Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Toursoyuz.by: У Беларусь быццам бы больш турыстаў прыяжджае апошнім часам. Праўдападобна, былыя суайчыньнікі, па бізнэсе. Але многія, у тым ліку палякі, абмінаюць Беларусь. Хаця ў Берасьці, Горадні, Пінску турысты ёсьць. І зь Літвы, і з Польшчы. Той жа паляк, калі прыяжджае, можа, вядома, сказаць, што ў Беларусі беднавата па польскіх стандартах. Але тут чыста, прыязная атмасфэра. Нават шопінг можна арганізаваць, хай сабе і экзатычны, але ж касмэтыку хаця б набыць.

Беларусь яшчэ даволі закрытая краіна як для палякаў, так і ўвогуле для эўрапейцаў. Хаця паціху адкрываецца турыстам з-за заходняй граніцы.

Ірэна Балюкевіч, саўладальніца варшаўскай турыстычнай кампаніі Wish to Travel: Палякі заўсёды цікавіліся Беларусьсю. Мне здаецца, што цяпер паехала больш турыстаў у Берасьце і Горадню. І тыя турысты, якія наведваюць гэтыя найбліжэйшыя гарады, пазьней ахвотна едуць далей — у Віцебск, Магілёў і гэтак далей. Гэта ўвогуле супэр!

Беларусь атрымлівае шмат карысьці ад таго, што палякі наведваюць гэту краіну. І гэта ў інтарэсе Беларусі — адкрывацца Польшчы.

А як уласна беларусы падрыхтаваліся да прыёму гасьцей з-за Буга?

Віталь
Віталь Грыцэвіч. Фота: belta.by

Віталь Грыцэвіч, намесьнік дырэктара дэпартамэнта па турызьме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь: У Беларусі ёсьць гіды з польскай мовай. У Горадні, калі горад увайшоў у бязьвізавую зону і сюды паехалі польскія турысты, ва ўстановах грамадзкага харчаваньня, у гасьцініцах без падштурхваньня ўвялі мэню на польскай мове. Як мінімум у дзьвюх гарадзенскіх гасьцініц ёсьць вэрсіі сайтаў на польскай мове. Скажам так, ёсьць попыт — ёсьць прапанова.

Горадня.
Горадня. Фота: pixabay.com/RomanS13

Сярод польскіх турыстаў самыя папулярныя мясьціны — тыя ж, што і ў гасьцей зь іншых краін: замкі ў Нясьвіжы і Міры, Горадня, Берасьце, а таксама Менск. Праўда, у кожнага падарожніка складваецца свой асабісты маршрут. Асабліва ў тых, хто ў Беларусі бывае часта. Сярод палякаў ёсьць і такія. Асабліва тыя, каго зь Беларусьсю зьвязваюць кроўныя сувязі.

Кшыштаф Блажэвіч, жыхар г. Пясэчна, што пад Варшавай: Я штогод наведваю Нясьвіж. А цяпер так пашчасьціла, што бываю ў Нясьвіжы штодва месяцы. Але Нясьвіж — гэта вельмі дарагі горад для мяне, даражэйшы нават за Варшаву, у якой я нарадзіўся. Але маё сэрца належыць Беларусі, бо я маю там свае карані. Сваякі нават сьмяюцца зь мяне, што я ўжо больш беларус, чым паляк. Што ж, мне блізкія пэйзажы, атмасфэра Беларусі. Я прыняў яе рэчаіснасьць. Я адчуваю сябе там вельмі добра. Радуюся, калі прыяжджаю ў Беларусь, льюцца сьлёзы, калі ўяжджаю ў Нясьвіж.

Кшыштаф
Кшыштаф Блажэвіч (зьлева). Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Нясьвіскі замак Радзівілаў — гэта ня толькі помнік архітэктуры, унесены ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Рэзыдэнцыя польска-беларуска-літоўскага роду адлюстравана на беларускіх грошах. Штогод замак наведвае каля паўмільёна турыстаў. Дай самі Радзівілы, якія жывуць у Польшчы, тут часта бываюць.

Сяргей Клімаў, дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музэя-запаведніка “Нясьвіж”: У нас стала недзе на 35% больш турыстаў з-за мяжы. І вельмі многа палякаў, нават караванэры едуць. Шмат груп. Улетку амаль кожны дзень групы ёсьць з Польшчы. У нас некалькі гідаў, якія на польскай мове расказваюць пра Радзівілаў. Больш стала турыстаў — гэта аб'ектыўна.

Як падкрэсьлівае Сяргей Клімаў, для беларусаў і замежных турыстаў кошт білета аднолькавы.

Магчыма, неўзабаве ў польскіх турыстаў стане больш магчымасьцей для наведваньня Беларусі. Як паведаміў Сяргей Грыцэвіч, да канца гэтага года можа быць павялічаны тэрмін наведваньня Беларусі праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск” бязь візы — да 15 дзён.

Усяго з пачатку дзеяньня бязьвізавага рэжыму — са студзеня 2017 года — праз аэрапорт прыляцелі ў Беларусь каля 120 тысяч турыстаў. Часьцей за ўсё такой магчымасьцю карысталіся госьці зь Нямеччыны, Італіі, Вялікабрытаніі, ЗША і Польшчы.

Віктар Корбут

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт