Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы адзначылі сьвята Пінскай флятыліі (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 18.07.2018 18:24
  • флятылія.mp3
Галоўным портам рачнога ваеннага флёту быў беларускі Пінск – у той час павятовы горад Палескага ваяводзтва.
Маніторы «Кракаў» і «Вільня» на Прыпяці, пачатак 1930-х гадоўМаніторы «Кракаў» і «Вільня» на Прыпяці, пачатак 1930-х гадоўNarodowe Archiwum Cyfrowe

У супольнай беларуска-польскай вайсковай гісторыі ёсьць адна старонка, якая слаба дасьледаваная спэцыялістамі. Гэта тэма Пінскай флятыліі.

Датай стварэньня флятыліі лічыцца 19 красавіка 1919 году.

Флятылія называлася Пінскай да 1931 году, пазьней яе афіцыйная назва гучала наступным чынам: Рачная флятылія Ваенна-марскіх сіл Польшчы. Галоўным портам рачнога ваеннага флёту быў беларускі Пінск – у той час павятовы горад Палескага ваяводзтва. На ўзбраеньні флятыліі было некалькі манітораў – цяжкіх рачных браніраваных артылерыйскіх караблёў.

Былі таксама кананерскія лодкі, бронекатары, тральшчыкі, штабное судна ды караблі забесьпячэньня. Перад самым пачаткам Другой сусьветнай вайны флятылія налічвала больш за 100 розных плывучых адзінак. Асноўная мэтай флятыліі была абарона межаў міжваеннай Польшчы, а ў выпадку вайны – апэратыўныя дзеяньні ў супрацы з сухапутнымі сіламі. Нагадаем, раён дзеяньня флятыліі знаходзіўся на самай мяжы з Савецкім Саюзам.

Найбольш сурʼёзнай і моцнай зброяй на рэках Палесься былі маніторы сэрыі Б, пабудаваныя на Гданьскай суднаверфі (тады горад Данцыг) у 1920-21 гадах. Галаўным караблём сэрыі быў манітор «Варшава». Акрамя яго, на рэках і азёрах тагачаснай усходняй Польшчы служылі рачныя маніторы «Пінск», «Торунь» (да 1923 году называўся «Мазыр») і «Гарадзішча». Паводле тагачасных меркаў, гэта былі сучасныя, добра ўзброеныя караблі.

Як сказаў нам кандыдат гістарычных навук, спэцыяліст па вайсковых пытаньнях Ігар Мельнікаў, гэта былі свайго роду рачныя танкі – яны выконвалі задачы бронетанкавых войск там, дзе іх не маглі выканаць сухапутныя сілы, у нашым выпадку на балоцістым і водным Палесьсі.

Каманда кожнага з манітораў складалася з 41-45 афіцэраў, прапаршчыкаў і матросаў. Камандаваў маніторам афіцэр у чыне паручніка альбо капітана ВМС Польшчы.

На днях сьвята Пінскай флятыліі было адзначанае ў гарадку Добчыцы каля Кракава. На яго быў запрошаны й Ігар Мельнікаў. Пра сьвята, Пінскую флятылію ды супольную беларуска-польскую гісторыю зь ім размаўляе Валеры Саўко.

слухайце далучаны гукавы файл

Ігар
Ігар Мельнікаў у форме матроса манітора "Вільня" Пінскай флятыіі/фота: профіль Ігара Мельнікава ў "Фэйсбуку"
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт