Logo Polskiego Radia
Print

Куды зьнікла опэра Манюшкі «Ідылія» (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 26.07.2018 08:08
  • 0726 А. Спуз - БМА ВМТ імя С. Манюшкі.mp3
Бібліятэка, музэй і архіў Варшаўскага музычнага таварыства рыхтуецца да 200-годзьдзя Манюшкі.
Ірэна Спуз, супрацоўніца Бібліятэкі, музэя і архіва Варшаўскага музычнага таварыства імя Станіслава МанюшкіІрэна Спуз, супрацоўніца Бібліятэкі, музэя і архіва Варшаўскага музычнага таварыства імя Станіслава МанюшкіФота: Віктар Корбут/radyjo.net

У 2019 годзе будзе адзначацца 200-годзьдзе з дня нараджэньня вялікага польскага кампазытара, ураджэнца Беларусі Станіслава Манюшкі. Як да круглай даты рыхтуюцца ў Польшчы?

Інстытут Фрыдэрыка Шапэна пры падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы праводзіць алічбоўку збораў Бібліятэкі, музэя і архіва Варшаўскага музычнага таварыства імя Станіслава Манюшкі.

Станіслаў
Станіслаў Манюшка. Малюнак Чэслава Манюшкі. Захоўваецца ў Бібліятэцы, музэі і архіва Варшаўскага музычнага таварыства імя Станіслава Манюшкі

Ужо створаны электронныя копіі рукапісаў музычных твораў кампазытара. Яны празь некалькі месяцаў будуць даступныя ў інтэрнэце. Адначасова Польскае музычнае выдавецтва рыхтуе новае выданьне нот Манюшкі.

Перапіска Манюшкі, рэчы яго сям’і будуць алічбоўвацца на наступным этапе. Сярод таго, што пакуль застаецца толькі на паперы, у жалезным сэйфе, напрыклад, малюнкі бацькі кампазытара — Чэслава Манюшкі з выявамі Менска, Вільні, Варшавы 1840-х гадоў, партрэты сына і жонкі, іншых сваякоў, сяброў.

Анджай
Анджай Спуз, кіраўнік Бібліятэкі, музэя і архіва Варшаўскага музычнага таварыства

Анджай Спуз (Andrzej Spóz), кіраўнік Бібліятэкі, музэя і архіва Варшаўскага музычнага таварыства: Выдавецкая сэрыя пад назвай „Dzieła wszystkie Moniuszki” (Поўны збор твораў Манюшкі) ужо выходзіла некалькі гадоў таму. І цалкам распрадалася. Цяпер рыхтуецца чарговае выданьне, папраўленае і падрыхтаванае новым калектывам спэцыялістаў, зьвязаных з Польскім музычным выдавецтвам. Новае выданьне будзе служыць як мага шырокаму распаўсюджваньню песень Манюшкі, у тым ліку песень з тэкстамі на замежных мовах. Гэта будуць чатыры тамы зь нямецкімі, францускімі, расейскімі і іншымі тэкстамі. Гэтыя творы шырэй пойдуць у сьвет, іх будзе лягчэй знайсьці тым выканаўцам, якія ня ведаюць польскай мовы. Як паказала практыка, тэксты на замежных мовах маюць зусім іншае адценьне, чым аналягічныя на польскай мове. І для нас многія тэксты сталі нечаканым адкрыцьцём. Што цікава, гэтыя тэксты ўзгадняліся з Манюшкам. Гэта не сучасныя пераклады польскіх твораў. Выйдзе таксама публікацыя опэр. Дагэтуль опэры Манюшкі выконвалі ў апрацоўках сучасных кампазытараў, такіх, як Казімеж Сікорскі, Гжэгаж Фізэльбэрг. Яны ўнесьлі значныя зьмены ў інструмэнтоўку. У той жа час арыгінальныя творы Манюшкі маюць зусім іншы характар: гэта творы пазбаўленыя вялікай масы гукаў аркестра. Яны больш камэрныя, прыглушаныя і разам з тым вытанчаныя. І мы цяпер вяртаем гэтыя матэрыялы. Гэта перш за ўсё датычыць опэры “Галька”. Раней была зьменена яе інструмэнтоўка. Тое ж датычыць “Графіні”, “Страшнага двара”, Verbum nobile. Раней арыгінальныя нотныя матэрыялы не друкаваліся, а творы Манюшкі выконвалі па выпадковых копіях.

Арыгінальныя творы Манюшкі, аднак, да шырокай публікі дойдуць толькі празь некалькі гадоў. Падрыхтоўка патрабуе часу і працы вопытных знаўцаў спадчыны вялікага кампазытара.

На жаль, ацалелі ня ўсе арыгінальныя творы Манюшкі. Напрыклад, не захавалася музыка опэры “Ідылія”, пастаўленай упершыню ў Менску ў 1852 годзе. У той опэры ўпершыню зь менскай сцэны прагучала беларуская мова — паводле лібрэта, напісанага Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам.

Дзе шукаць арыгінал музыкі да “Ідыліі”?

Анджай Спуз: Лёс “Ідыліі” — гэта беларуска-польская праблема. Опэры як такой няма. У нас ёсьць фрагмэнцік “Ідыліі”. Быць можа, у Беларусі таксама ёсьць кавалачак. Тое, што выконвалася ў Беларусі, было скампілявана з ранейшых матэрыялаў Манюшкі. Дакладна не скажу, бо я ўсяго гэтага ня бачыў, а толькі чуў, як гэта больш-менш рабілася. На вялікі жаль, наш і беларускіх калег, няма арыгінала гэтай опэры. Тое ж датычыць і “Рэкруцкага набору” на лібрэта Дуніна-Марцінкевіча і іншых вадэвіляў. На жаль, яны не захаваліся. Я мяркую, што Манюшка даваў ноты розным тэатральным трупам, якія бралі гэтыя матэрыялы, езьдзілі зь імі. А потым гэтыя трупы распадаліся, і матэрыялы дзесьці гінулі. І цяпер іх, на жаль, няма.

Газэта
Газэта Kurjer Warszawski за 5 чэрвеня 1872 г. з нэкралёгам Станіславу Манюшку. Захоўваецца ў Бібліятэцы, музэі і архіва Варшаўскага музычнага таварыства імя Станіслава Манюшкі

У Бібліятэцы, музэі і архіве Варшаўскага музычнага таварыства захоўваецца спадчына ня толькі Станіслава Манюшкі, але і ўсёй яго сям’і. Гэтыя матэрыялы ўдалося сабраць, зьберагчы на працягу апошніх 140 гадоў.

Анджай Спуз: Манюшка і яго жонка мелі такі звычай: свае матэрыялы раздавалі налева-направа. Розным людзям. Альбо для выкананьня, альбо на памяць. Пасьля сьмерці кампазытара яго ўдава не шкадавала сувэніраў і раздавала іх. І толькі ў 90-я гады ХІХ ст. зборам матэрыялаў Манюшкі заняўся яго сябар Ян Карловіч. Ён заўважыў, што вялікая колькасьць “прадукцыі” Манюшкі не ацалела, і стварыў пры нашым Варшаўскім музычным таварыстве сэкцыю імя Станіслава Манюшкі, якая паставіла на мэце зьбіраньне ўсёй гэтай расьцярушанай спадчыны. З 1891 года гэтыя намаганьні былі вельмі інтэнсіўныя. І Яну Карловічу ўдалося сабраць у вялікай ступені тое, што цяпер знаходзіцца ў нашым зборы. Натуральна, нашы зборы пацярпелі падчас апошняй вайны. Але ў любым выпадку, ацалела многа.

У Бібліятэкі, музэя і архіва Варшаўскага музычнага таварыства бываюць і беларускія дасьледчыкі. Сярод іх — Уладзімір Дзянісаў, Сьвятлена Немагай. Наведваў архіў і вядомы літоўскі музыказнавец і палітык Вітаўтас Ландсбергіс.

Імя Манюшкі па-ранейшаму яднае Польшчу, Беларусь і Літву.

Віктар Корбут

Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт