Logo Polskiego Radia
Print

СК затрымаў галоўнага рэдактара TUT.by і журналістку БелаПАН

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 07.08.2018 11:59
Падстава: неправамернае завалоданьне й выкарыстаньне інфармацыі БелТА.
Phоtо: osce.org; creativecommons.org/licenses/by-nd/4.0/

Сёньня паводле падазрэньня ў зьдзяйсьненьні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Тацьцяна Каравянкова, – паведаміў Сьледчы камітэт.

»У выніку зьдзейсьненага злачынства РУП «БелТА» нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданьні й выкарыстаньні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасьці датычныя службовыя асобы выдавецкага дома «Беларуская навука», ЗАТ «БелаПАН», ТАА «ТутБай Медыя».

Супрацоўнікі Сьледчага камітэта Беларусі праводзяць вобыск у інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

Атрымаць больш дакладную інфармацыю зараз немагчыма, бо ў рэдакцыю нікога з работнікаў БелаПАН не пускаюць. Пры гэтым у самім офісе знаходзяцца трое супрацоўнікаў кампаніі, але сувязі з імі няма.

Вядома, што паралельна з вобыскам у офісе БелаПАН праводзіўся вобыск на дачы ў яе міжнароднага аглядальніка Тацьцяны Каравянковай, якая, зыходзячы з паведамленьня Сьледчага камітэта, падазраецца ў «несанкцыянаваным доступе да кампютарнай інфармацыі».

Галоўны рэдактар інфармагенцтва БелаПАН Ірына Леўшына лічыць падазрэньні, выстаўленыя на адрас Тацьцяны Каравянковай, беспадстаўнымі і абсурднымі, бо інфармацыя агенцтва БелТА, якую БелаПАН выкарыстоўваў у сваіх навінах, бралася з адкрытых крыніц, разьмяшчалася ў адкрытым доступе ў стужцы навін і заўсёды – з гіперспасылкай на сайт БелТА.

Ірына Леўшына лічыць, што ўлады выкарыстоўваюць агенцтва БелТА для таго, каб перашкодзіць працы недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва.

Зараз стужка навін БелаПАН абнаўляецца нерэгулярна з-за аб'ектыўных прычын, аднак найбліжэйшым часам рэдакцыя паспрабуе наладзіць нармальную працу агенцтва.

Вядома, што ўжо некалькі гадзін вобыск таксама праходзіць у офісе найбуйнейшага беларускага недзяржаўнага інтэрнэт-партала tut.by , некаторыя яго супрацоўнікі, у тым ліку галоўны рэдактар Марына Золатава, затрыманыя.

Сьледчы камітэт раніцай 7 жніўня паведаміў, што «паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да кампютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасьці, які пацягнуў прычыненьне істотнай шкоды)».

Падставай да распачынаньня крымінальнай справы паслужыла «паведамленьне »БелТА« аб збоях пры ажыцьцяўленьні доступаў да платнай падпіскі паслуг».

Згодна з паведамленьнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС «выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да кампютарнай інфармацыі, уласьнікам якой зьяўляецца »БелТА«.

БелаПАН/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт