Logo Polskiego Radia
Print

У Менску працягваюць арыштоўваць журналістаў

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 07.08.2018 15:10
Па справе БелТА затрыманы супрацоўнікі недзяржаўных СМІ.
Фота: Belta.by

7 жніўня ў Менску затрыманы журналісты інфармагенцтва БелаПАН, партала Tut.by. У офісах СМІ вядзецца вобыск супрацоўнікамі Сьледчага камітэта Беларусі.

Журналістаў абвінавачваюць у незаконным выкарыстаньні інфармацыі дзяржаўнага агенцтва навін БелТА. Нібы супрацоўнікі недзяржаўных выданьняў мелі доступ да платнай падпіскі на матэрыялы БелТА, ужываючы чужыя паролі.

Як паведамляе БелТА, на працягу 2017-2018 гадоў бязь ведама і згоды агенцтва было зьдзейсьнена больш за 15 тыс. несанкцыянаваных падключэньняў да інфармацыі, якая захоўваецца ў яго кампутарнай сыстэме.

Сьпіс журналістаў, затрыманых па справе БелТА, павялічваецца.

Сярод тых, хто знаходзіцца пад вартай, рэдактары партала Tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна і Ўльяна Бабаед, а таксама журналісты Галіна Ўласік, Ганна Ермачонак і Дзьмітрый Бобрык, рэдактары інфармагенцтва БелаПАН Тацьцяна Каравянкова, Андрэй Серада.

Вобыск прайшоў таксама ў памяшканьні рэдакцыі газэты «Навука», якую выпускае Выдавецкі дом «Беларуская навука».

Заснавальнік кампаніі Tut.by Юрый Зісер лічыць, што «гэта ня справа супраць Tut.by, пакуль размова ідзе пра некалькіх супрацоўнікаў». Што да прэтэнзій Сьледчага камітэта, то Зісер заявіў: «Я не ўяўляю, навошта гэта магло спатрэбіцца, бо навіны БелТА ёсьць у адкрытым доступе».

Кіраўнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай назваў абвінавачваньні «абсалютна абсурднымі».

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец выказаў меркаваньне, што злачынства, у якім абвінавачвае затрыманых Сьледчы камітэт, не адносіцца да тых, якія маюць сур’ёзную грамадзкую небясьпеку. Праўленьне БАЖ лічыць гэта ўмяшаньнем у свабоду выказваньняў і ў свабоду СМІ.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі заявіў, што вобыскі, праведзеныя Сьледчым камітэтам, — «гэта мэтанакіраваная палітыка абмежаваньня інфармацыйнага поля ў Беларусі з тым, каб трымаць беларускіх грамадзян у атмасфэры страху, няпэўнасьці і дэзынфармацыі».

МЗС Беларусі таксама пракамэнтавала сытуацыю з вобыскамі і затрыманьнямі журналістаў. Прэс-сакратар МЗС А. Глаз заявіў: «Ня варта шукаць нейкай іншай падкладкі або «падводных камянёў» — сытуацыя ніякім чынам не ляжыць у палітычнай плоскасьці і ня мае ніякага дачыненьня да пытаньняў свабоды СМІ альбо журналісцкай дзейнасьці ў Беларусі».

Nn.by; Svaboda.org; Belta.by/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт