Logo Polskiego Radia
Print

У жніўні 1944-га: як гэта было б сёньня (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 16.08.2018 15:00
  • 0816 Варшаўскі мост. М. Дзедзіц - Teraz 44.mp3
Марцін Дзедзіц рэканструяваў падзеі Варшаўскага паўстаньня на вуліцах сучаснага горада.
Варшава ў 1944 г. і ў наш час. ФотакаляжВаршава ў 1944 г. і ў наш час. ФотакаляжФота: Marcin Dziedzic/Teraz44.pl

1 жніўня 1944 года жыхары Варшавы паднялі паўстаньне супраць нямецкіх акупантаў. Баі доўжыліся да 3 кастрычніка.

У гэтыя жнівеньскія дні 1944 года ў сталіцы Польшчы стралялі. Горад гарэў. Узрываліся дамы. Гінулі людзі. Палякі спрабавалі вырваць сваю сталіцу ў немцаў.

Як гэта сёньня ўявіць? Бадай немагчыма — у прыгожай квітнеючай Варшаве.

Вы памятаеце, мабыць, толькі небаскробы Сусьветнага гандлёвага цэнтра ў Нью-Ёрку, якія ўзрываюцца. А нешта падобнае было і ў Варшаве. Гэта было жудасна.

Вядомы журналіст, фатограф Марцін Дзедзіц зрабіў спробу паяднаць мінулае і сучаснасьць: ён спалучыў здымкі часу паўстаньня зь цяперашнімі відамі тых жа мясьцін горада.

Тое, што атрымалася, уражвае, нават шакуе.

Пра сучасныя мэтады адлюстраваньня гістарычных падзей у фатаграфіі, пра тое, на якіх вуліцах Варшавы ішло змаганьне ў жніўні-кастрычніку 1944 года і што цяпер напамінае тут пра тыя падзеі, — гутарка з Марцінам Дзедзіцам, сааўтарам альбома „Teraz ’44. Historie”. У гэтай кнізе зьмешчаны 44 фотаздымкі часу паўстаньня, спалучаныя зь відамі тых самых мясьцін сёньняшняга горада.

Марцін Дзедзіц: Я працаваў на радыё, на тэлебачаньні, у рэклямных фірмах. Цяпер працую пераважна як тэлевізійны сцэнарыст. Раблю здымкі. Многа працую з фоташопам. Але людзі пераважна ведаюць гэту тэхніку як сродак, з дапамогай якога паляпшаецца прыгажосьць мадэлей у глянцавых часопісах або ствараюцца фэйк-навіны. Аднак мне ўдалося выкарыстаць “ненавісны” фоташоп у пазытыўнай справе.

У сувязі з 70-й гадавінай Варшаўскага паўстаньня да мяне прыйшла ідэя злучыць старыя фотаздымкі часоў паўстаньня зь сёньняшнімі відамі тых самых мясьцін Варшавы. І я гэта зрабіў у фоташопе. Я пакінуў частку старога чорна-белага здымка і скампанаваў яе з сучасным каляровым фотаздымкам. Але падчас злучэньня гэтых кадраў стаяла задача, каб чалавеку, які будзе на іх глядзець, гэта злучэньне было невідочнае, каб два злучаныя здымкі складалі адну прастору і ўсё было дапасавана: каб супадалі абрысы старых будынкаў, якія яшчэ захаваліся, тратуары...

Трэба было паклапаціцца пра тое, каб зрабіць новыя здымкі ў тых самых умовах асьвятленьня. Мусіць быць тая самая пара дня, тая самая даўжыня ценю. Бо калі потым стары і новы здымкі будуць спалучаны, і цені будуць падаць у розныя бакі, то чалавек, які гэта будзе бачыць, заўважыць, што гэта дзьве розныя склееныя рэчы, што нешта не пасуе. А мне хацелася, каб з двух здымкаў утварылася адна прастора.

Здаецца, спроба злучыць стары і новы здымкі ня новая. Я ведаю пра аналягічныя “рэканструкцыі” відаў Менска — часу вайны і сучасных. Чым Ваш падыход вылучаецца на гэтым фоне?

Марцін Дзедзіц: Мая ідэя не была новая, сапраўды. Калі яна мне прыйшла ў галаву, я праверыў у інтэрнэце, што ўжо былі тыя, хто раней за мяне прыдумалі гэту ідэю. У Галяндыі і Расеі ўжо рабілі такія фотаздымкі: на кадры пэрыяду Другой сусьветнай вайны накладвалі сучасныя. Але на тых здымках было відаць, што яны склееныя. Я ж хацеў дасягнуць такога выніку, каб фатаграфіі былі ідэальна дапасаваны.

Варшава
Варшава ў 1944 г. і цяпер. Фотакаляж Фота: Marcin Dziedzic/Teraz44.pl

Раскажыце пра Вашу “творчую кухню”. Як назапашваўся матэрыял, як Вы зь ім працавалі?

Марцін Дзедзіц: Спачатку я зрабіў дваццаць з гакам здымкаў. На іх зьявіліся вельмі пазытыўныя водгукі ў інтэрнэце. Людзі дзяліліся гэтымі здымкамі. Пра іх пісалі многія СМІ. І гэта мяне падштурхнула да таго, каб зрабіць чарговыя дваццаць зь нечым здымкаў, каб у суме ўсіх было 44.

Я зьвярнуўся ў Музэй Варшаўскага паўстаньня па арыгінальныя здымкі. Там мне далі доступ да лічбавай бібліятэкі, і я меў магчымасьць выбраць здымкі. Я шукаў такія, якія адлюстроўваюць адначасова і паўстанцаў, і пазнавальныя мясьціны Варшавы. Гэта такія месцы, празь якія мы штодня праходзім, у якіх жывём. Я хацеў паказаць, што ў гэтых месцах 70 зь лішнім год таму адбывалася Варшаўскае паўстаньне.

Як Вы прыйшлі да ідэі выданьня кнігі?

Марцін Дзедзіц: Я зьвярнуўся да сябра яшчэ з часоў навучаньня ва ўнівэрсытэце, у выдавецтва Wielka Litera, з просьбай параіць, што трэба зрабіць, каб выдаць кнігу. Бо гэта выдавецтва не выпускае альбомы. А я думаў пра альбом. Аднак сябар мяне ўгаварыў зрабіць кнігу-альбом, г. зн. спалучыць фотаздымкі з тэкстамі, каб тэксты былі дапасаваны да таго, што адлюстравана на здымках. І так зьвілася кніга „Teraz’44”. Тэксты напісаў Міхал Вуйцік, мой калега з радыё, які заўсёды быў захоплены гісторыяй і ў якога было многа апавяданьняў пра паўстаньне.

Міхал
Міхал Вуйцік і Марцін Дзедзіц. Фота: Marcin Dziedzic/Teraz44.pl

Што каштоўнага дадаў Міхал Вуйцік да вашай супольнай кнігі?

Марцін Дзедзіц: Мы пра паўстаньне звычайна гаворым раз у год, напярэдадні 1 жніўня, і з належнай пашанай, аддаючы даніну павагі паўстанцам. Аднак у Міхала Вуйціка было многа расказаў, крыніц, якія паказвалі паўстаньне “чалавечым”. Гэта апавяданьні цывільных жыхароў, напрыклад, пра разьню, учыненую немцамі ў раёне Воля, дзе падчас паўстаньня гітлераўцы расстралялі 40 тысяч цывільных жыхароў. А ўвогуле, падчас паўстаньня загінула каля 180 тысяч цывільных жыхароў. Варшава заплаціла страшную цану за гэты бунт.

Ці ёсьць у Вашай кнізе гісторыі, якія могуць зьмяніць погляд на паўстаньне нават у тых, хто здавалася б, усё ведае пра гэту падзею?

Марцін Дзедзіц: Ёсьць гісторыі, якія недарэчна расказваць 1 жніўня. Ёсьць, напрыклад, гісторыя пра тое, як немцы кінулі ў падвал гранату, манашка села на гэту гранату, граната ўзарвалася, а з манашкай нічога ня здарылася. Гэта гісторыя пра манашку з бляшаным задам разыходзілася ад квартала да квартала падчас паўстаньня. Яе распаўсюджвалі прапагандысцкія паўстанцкія газэты. І гэта таксама паказвае паўстаньня зь іншага боку.

Гэта паўстаньне сапраўды было і трагічнае, і, асабліва ў першыя дні, гераічнае, цудоўнае. Панавала эўфарыя, шчасьце ад таго, што вызвалены ад немцаў вуліцы, на якіх лунаюць бела-чырвоныя сьцягі. Панаваў узьнёслы настрой, была звычайная радасьць. А з другога боку, людзі гінулі, адбываліся страшныя рэчы...

Ваша кніга выйшла ў 2015 годзе. Наколькі актуальная яна сёньня?

Марцін Дзедзіц: Мы паказалі дзякуючы здымкам і гісторыям, якія яны “справакавалі”, больш поўны вобраз паўстаньня — і ўзьнёслыя рэчы, і трохі сьмешныя. Мы таксама расказалі пра асоб, пра якіх людзі ня ведалі. Бо высьветлілася, што ў паўстаньні ўдзельнічалі японскія снайпэры.

У кожным разьдзеле чытач знойдзе цікавыя апавяданьні.

Віктар Корбут

Фота: Marcin Dziedzic/Teraz44.pl

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт