Logo Polskiego Radia
Print

Эгіпет абвастрае кантроль над інтэрнэтам

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.08.2018 10:11
Правілы дазваляюць блякаваць сайты, якія ўлады палічыць пагрозай для эканомікі й нацыянальнай бясьпекі.

geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Прэзыдэнт Эгіпту Абд аль-Фатах ас-Сісі падпісаў новы закон, які робіць больш жорсткім кантроль над інтэрнэтам. Новыя правілы па барацьбе са злачыннасьцю ў кібэрпрасторы дазваляюць блякаваць сайты, якія ўлада палічыць пагрозай для эканомікі й нацыянальнай бясьпекі.

У прыватнасьці, асобы, якія вядуць такія сайты або іх наведваюць, змогуць быць пакараныя штрафам памерам ад 560 да 1,1 мільёна даляраў ЗША або турэмным зьняволеньнем тэрмінам да пяці гадоў.

Паводле ўладаў Эгіпту, такія меры неабходныя для „ліквідацыі многіх праблемаў, у прыватнасьці эканамічнай нестабільнасьці й тэрарызму”.

Паводле новых правілаў, сачыць за актыўнасьцю інтэрнэт-карыстальнікаў і паведамляць пра яе ўладам абавязаныя інтэрнэт-правайдэры.

Праваабарончыя арганізацыі выступілі з рэзкай крытыкай новай заканадаўчай ініцыятывы. Паводле іх, яна мае на мэце абмежаваньне свабоды слова ў краіне. Праваабаронцы таксама нагадваюць, што яшчэ да прыняцьця новых правілаў у Эгіпце заблякавалі доступ да больш чым 500 інтэрнэт-сайтаў.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт