Logo Polskiego Radia
Print

Дуда прапануе Трампу адмяніць візы для палякаў

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 29.08.2018 16:20
  • 0829 Візыт А. Дуды ў ЗША.mp3
Рыхтуецца візыт прэзыдэнта Польшчы ў ЗША, які адбудзецца 18 верасьня.
28 жніўня 2018 г. Анджэй Дуда28 жніўня 2018 г. Анджэй ДудаФота: PAP/Jacek Turczyk

18 верасьня прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда наведае з афіцыйным візытам Злучаныя Штаты Амэрыкі. У Вашынгтоне ён сустрэнецца з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Белы дом нагадаў у камюніке, што Дональд Трамп наведваў Польшчу летась 5 і 6 ліпеня.

18 верасьня прэзыдэнт Польшчы сустрэнецца з Дональдам Трампам ў Вашынгтоне. Прыярытэтамі афіцыйнага візыту Анджэя Дуды ў ЗША стануць бясьпека, а таксама эканамічнае супрацоўніцтва.

У Вашынгтон прэзыдэнт Польшчы адправіцца з Бухарэста, дзе адбудзецца саміт Трохмор’я — міжнароднай эканамічнай і палітычнай ініцыятывы, якая аб'ядноўвае 12 эўрапейскіх краін, разьмешчаных паблізу Балтыйскага, Чорнага і Адрыятычнага мораў. У групу ўваходзяць Аўстрыя, Балгарыя, Харватыя, Чэская Рэспубліка, Эстонія, Літва, Латвія, Польшча, Румынія, Славакія, Славенія і Вугоршчына.

Кшыштаф Шчэрскі кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Польшчы: Прэзыдэнт вылеціць 17 верасьня ў Бухарэст, адкрые саміт Трохмор’я, і як прадстаўнік усяго гэтага рэгіёна адправіцца ў Белы дом, у Вашынгтон, з афіцыйным візытам.

Дональд
Дональд Трамп (справа) Фота: EPA/MICHAEL REYNOLDS

Кшыштаф Шчэрскі выказаў надзею, што візыт Анджэя Дуды ў ЗША ўнясе свой уклад ва ўмацаваньне польска-амэрыканскіх адносін. У польскага боку ёсьць асаблівыя чаканьні ад гэтага візыту.

Кшыштаф Шчэрскі: Гэты візыт стане пацьвярджэньнем вагі польска-амэрыканскага партнэрства для бясьпекі як нашай краіны, так і ўсяго рэгіёна. Пойдзе размова пра далейшае разьвіцьцё эканамічных адносін. Яны ў апошні час актывізуюцца дзякуючы разьвіцьцю польскай эканомікі, але мы маем вялікія шансы, што прысутнасьць амэрыканскага бізнэсу ў нашым рэгіёне павялічыцца.

Адным з пытаньняў, якое абяцае падняць Анджэй Дуда на сустрэчы з Дональдам Трампам, — гэта адмена віз для палякаў.

Кшыштаф Шчэрскі: Спадар прэзыдэнт падкрэсьлівае на працягу доўгага часу, што пытаньне віз для палякаў больш актуальнае для Амэрыкі, чым для Польшчы. Бо Амэрыка страчвае на тым, што палякі ня могуць свабодна прыяжджаць туды са сваімі сьветлымі ідэямі, капіталам, са сваімі здольнасьцямі. Аля мяркую, што ў нейкі дзень нехта з такім добрым дзелавым мысьленьнем, як прэзыдэнт Трамп, зробіць у гэтым кірунку чарговыя крокі.

Аднак галоўнай тэмай перагавораў прэзыдэнтаў Польшчы і ЗША стане бясьпека. Паводле слоў міністра нацыянальнай абароны Марыюша Блашчака, Анджэй Дуда хоча падняць пытаньне аб пастаяннай прысутнасьці амэрыканскіх салдат у Польшчы.

Марыюш Блашчак: Я ўчора размаўляў з прэзыдэнтам Анджэем Дудам на тэму візыту спадара прэзыдэнта ў Белы дом. І натуральна, бясьпека, польска-амэрыканскія вайсковыя адносіны будуць прадметам размоў. Размовы вядуцца на ўзроўні экспэртаў. Гаворка ідзе пра кантракты на ўзбраеньне Войска Польскага, але таксама ідзе размова пра пастаянныя базы амэрыканскіх войск у Польшчы.

Марыюш Блашчак нагадаў, што 28 сакавіка польскія ўлады падпісалі кантракт на набыцьцё ў ЗША ракет «Патрыёт». Паводле слоў міністра, «гэта зьдзелка павышае абараназдольнасьць Польшчы. Гэта сучаснае абсталяваньне, лепшае ў сваёй вобласьці». Як паведаміў міністар, першыя камплекты ракет будуць атрыманы Польшчай у 2022 годзе.

28
28 жніўня 2018 г., Варшава. Зьлева направа: Марыюш Блашчак, Анджэй Дуда Фота: PAP/Jacek Turczyk

Пасьля сустрэчы з Дональдам Трампам у Вашынгтоне Анджэй Дуда плянуе неўзабаве зноў наведаць ЗША.

Кшыштаф Шчэрскі: Гэта ня будзе апошні візыт у верасьні прэзыдэнта ў ЗША. Бо неўзабаве пасьля гэтага прэзыдэнт у чарговы раз паляціць у Злучаныя Штаты, гэтым разам у Нью-Ёрк, дзе возьме ўдзел у Генэральнай асамблеі ААН. Такім чынам, у верасьні адбудуцца два візыты прэзыдэнта ў ЗША. Адзін непасрэдны, двухбаковы, афіцыйны. Другі — шматабаковы, зьвязаны са знаходжаньнем прэзыдэнта на форуме ААН, дзе ён будзе прадстаўляць Польшчу.

Аднак і гэтымі падзеямі актыўныя дыпляматычныя адносіны паміж Польшчай і ЗША ў бліжэйшы час не абмяжоўваюцца.

6 верасьня Анджэй Дуда прыме даверчыя граматы ад новага пасла ЗША ў Варшаве Жаржэты Масбахер (Georgette Mosbacher). Новы пасол будзе падключана да падрыхтоўкі візыту прэзыдэнта Польшчы ў Вашынгтон.

У сваю чаргу Кшыштаф Шчэрскі будзе прадстаўляць прэзыдэнта Польшчы на цырымоніі пахаваньня сэнатара ад Рэспубліканскай партыі Джона Маккейна, які памёр 25 жніўня.

Пахаваньне Маккейна адбудзецца 2 верасьня на могілках Ваенна-марской акадэміі ў Аннаполiсе, у штаце Мэрылэнд.

IAR/вк

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт