Logo Polskiego Radia
Print

Штрафы й суткі для ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Курапатах

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.09.2018 08:17
Урбановіча, Вінярскага й Шаўрова затрымалі ў суботу ўвечары й да суду трымалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
pixabay.com/Public Domain CC0

У судзе Менскага раёна 3 верасьня адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў удзельнікаў акцыі пратэсту каля рэстарана „Поедем поедим” у Курапатах.

Судзьдзя Аляксей Крапачоў вынес пастанову аб пакараньні Філіпа Шаўрова штрафам у памеры 20 базавых велічыняў (490 руб.) (за непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі (арт 23.4 КаАП).

Дзяніса Ўрбановіча суд Менскага раёна асудзіў на 7 сутак адміністрацыйнага арышту, Максіма Вінярскага - 10 сутак. На абаронцаў Курапатаў складзены па некалькі пратаколаў па арт. 23.4 і 18.23 КаАП.

Дзяніса Ўрбановіча, Максіма Вінярскага й Філіпа Шаўрова затрымалі ў суботу ўвечары пасьля чарговага інцыдэнту каля рэстаранна-забаўляльнага комплексу. Іх адвезьлі ў раённы аддзел міліцыі, а затым да суда зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Менскага раёну.

Па інфармацыі „Белсату”, да канфлікту актывістаў і аховы рэстарацыі спрычыніўся вялікі камень, які маладафронтавец Філіп Шаўроў паклаў пасярэдзіне праезду да брамы. Пасьля таго, як каля брамы забаўляльнага комплексу распачалася штурханіна, адміністрацыя рэстарацыі выклікала міліцыю.

Ужо тры месяцы ў Курапатах пад лёзунгам «Не кабак, а музэй” праходзіць акцыя пратэсту супраць рэстарацыі, якая адкрылася на пачатку лета побач з урочышчам Курапаты, месцы масавых расстрэлаў у сталінскія часы.

spring96.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт