Logo Polskiego Radia
Print

Форум па кіраваньні інтэрнэтам адбудзецца 3 кастрычніка ў Менску

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 09.09.2018 09:11
Летась форум сабраў больш за 400 удзельнікаў з 20 краін ад Канады да Армэніі.
pixabay.com/Public Domain CC0

Нацыянальны форум па кіраваньні інтэрнэтам Belarus IGF пройдзе ў Менску 3 кастрычніка. Гэтая пляцоўка для дыялёгу паміж дзяржавай, бізнэсам, інтэрнэт-карыстальнікамі й грамадзянскай супольнасьцю адкрыецца ўжо ў трэці раз.

Форумы па кіраваньні інтэрнэтам (Internet Governance Forum) праводзяцца ва ўсім сьвеце з 2006 году пад эгідай ААН. У Беларусі арганізатарам IGF выступае кампанія hoster.by — правайдар воблачных паслуг і тэхнічны адміністратар нацыянальных дамэнных зон .BY і .БЕЛ. Летась форум сабраў больш за 400 удзельнікаў з 20 краін ад Канады да Армэніі.

Па-ранейшаму ўваход на форум будзе бясплатным для ўсіх ахвотных, як і магчымасьць прапанаваць тэмы для абмеркаваньняў. Праграма яшчэ фармуецца, але ўжо дакладна вядомыя сэкцыі, якія будуць на парадку дня: кібэрбясьпека й інтэрнэт як зона нестабільнасьці; пэрсанальныя дадзеныя ў Беларусі: балянс паміж бізнэсам, бясьпекай і правамі чалавека; адкрытыя дадзеныя; юрыдычныя аспэкты й рэгіянальная праблематыка разьвіцьця інтэрнэту на фоне шэрагу новых законаў і законапраектаў; інтэрнэт рэчаў.

Як абяцаюць арганізатары, праграма будзе да апошняга моманту заставацца гнуткай, каб у кожнага была магчымасьць прапанаваць тэму выступленьня ці дыскусіі.

Арганізатары бачаць задачу IGF у тым, каб пытаньні разьвіцьця й рэгуляваньня інтэрнэт-сфэры свабодна абмяркоўваліся ва ўсіх напрамках. Нейкіх аб'ектыўных перашкод тут няма, але ёсьць шэраг цяжкасьцяў.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт