Logo Polskiego Radia
Print

Запуск першага блёка астравецкай АЭС адкладаецца на год

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 23.09.2018 08:39
Гэтую навіну прывёз Лукашэнка з Сочы.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакFoto: Wikipedia/Stefan Kühn/CC BY-SA 3.0

На беларуска-расейскіх перамовах у Сочы 21 верасьня з удзелам кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў абмяркоўвалася пытаньне аб падаўжэньні тэрміну вяртаньня крэдыту на будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі і зьніжэньня працэнтнай стаўкі. Пра гэта расказаў Аляксандр Лукашэнка 22 верасьня на нарадзе з членамі ўраду, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Лукашэнка растлумачыў, што беларускі бок матывуе гэта тым, што тэрміны па будаўніцтве расейскім бокам парушаныя.

«Пакуль адкладаецца запуск першага блёка аж на год. Баюся, як мяне інфармуюць кантралёры, што, можа быць, Расея папросіць яшчэ пасунуць гэты тэрмін, што ўжо наогул недапушчальна. І калі тэрміны былі сарваныя (мы, вядома, ня хочам ісьці ў суды, судзіцца, як гэта па дамове), мы дамовіліся аб тым, што тэрмін вяртаньня крэдыту трэба падоўжыць. І працэнтная стаўка павінна быць ня горшая, чым для іншых дзяржаваў. Да прыкладу, Армэніі, Бангладэш, Вугоршчыны і гэтак далей», — адзначыў кіраўнік Беларусі.

Беларуская АЭС будуецца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі. Крэдытная лінія на суму да 10 млрд даляраў на будаўніцтва БелАЭС адкрытая да 2035 году.

svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт