Logo Polskiego Radia
Print

Больш за 30 бізнэсмэнаў з Францыі прыедуць на форум у Менск

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.10.2018 17:14
V Беларуска-францускі бізнэс-форум пройдзе ў Менску 25-26 кастрычніка.
pixabay.com/Public Domain CC0


Каля 35 францускіх бізнэсмэнаў пацьвердзілі свой удзел у V Беларуска-францускім бізнэс-форуме, які пройдзе ў Менску 25-26 кастрычніка. Аб гэтым паведамляецца ў твітар-акаўнце пасольства Беларусі ў Францыі.

Плянуецца прыбыцьцё дэлегацыі міністэрстваў і ведамстваў Францыі. Усяго чакаецца больш за 90 удзельнікаў, таксама гаворыцца ў паведамленьні. V Беларуска-францускі бізнэс-форум пройдзе ў сталічнай гасьцініцы „Эўропа”. Асноўнымі тэмамі, якія будуць абмяркоўвацца на мерапрыемстве, стануць двухбаковае гандлёвае супрацоўніцтва, інвэстыцыі, экспарт і сумесныя праекты.

Пасольства запрашае прыняць удзел у форуме прадстаўнікоў зацікаўленых дзелавых колаў Беларусі й Францыі. Плянуецца, што прадстаўнікі францускіх дзелавых колаў 25 кастрычніка наведаюць рэгіёны Беларусі. У той жа дзень будзе праведзены бізнес-форум, а таксама сустрэча зь кіраўніцтвам Менгарвыканкама й перагаворы. У пятніцу, 26 кастрычніка, прадугледжаны прэзэнтацыі экспартнага патэнцыялу, інвэстыцыйнага клімату Беларусі, а таксама францускіх і беларускіх кампаній, маючых пасьпяховы вопыт рэалізацыі сумесных праектаў.

Чакаецца, што ў час бізнэс-форуму будзе падпісаны мэмарандум аб узаемаразуменьні паміж Асацыяцыяй прадпрымальнікаў Францыі й Нацыянальным цэнтрам маркетынгу МЗС Беларусі.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт