Logo Polskiego Radia
Print

99 гадоў таму набыла моц Вэрсальская мірная дамова

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 11.01.2019 17:06
  • гісторыя.mp3
У кастрычніку 2010 году Нямеччына апошнім траншам у 70 млн эўра завяршыла выплату рэпарацый за Першую сусьветную вайну.
«Вялікая чацьвёрка» на Вэрсальскай канфэрэнцыі (зьлева направа): Дэйвід Лойд Джордж, Віторыё Эмануэле Арлянда, Жорж Клемансо, Ўудра Ўілсан«Вялікая чацьвёрка» на Вэрсальскай канфэрэнцыі (зьлева направа): Дэйвід Лойд Джордж, Віторыё Эмануэле Арлянда, Жорж Клемансо, Ўудра ЎілсанPublic Domain

99 гадоў таму, 10 студзеня 1920 году, набыла моц Вэрсальская мірная дамова, якая афіцыйна завяршыла Першую сусьветную вайну 1914-1918 гадоў. Вэрсальская дамова ўстанавіла новы палітычны лад у Эўропе ды сьвеце, а яе вынікам стала замацаваньне польскай дзяржаўнасьці на міжнароднай арэне.

У выніку Вэрсальскай мірнай дамовы многія краіны атрымалі шмат, а іншыя – нічога. Да першай групы можна аднесьці Вялікабрытанію, якая атрымала большасьць каляніяльных уладаньняў Нямеччыны ў Афрыцы ды іншых кутках сьвету. Калі ж казаць пра дзяржавы, якія страцілі ці нічога не атрымалі, то ў гэтай групе знаходзіцца Беларусь, прадстаўнікам якой не ўдалося дабіцца сваёй незалежнасьці.

У выйгрышы аказалася таксама Польшча, якой атрымалася вярнуць большасьць этнічна польскіх земляў, хоць частка грамадзтва не была задаволеная вынікамі Вэрсальскай дамовы, падкрэсьлівае доктар гістарычных навук Януш Асіца.

Януш Асіца: 28 чэрвеня 1919 году ў Люстраной залі Вэрсальскага палацу была падпісаная мірная дамова. Польскае грамадзтва ўспрыняло вынікі дамовы па-рознаму. Справа ў тым, што ў выніку мірнай канфэрэнцыі Польшча атрымала менш, чым патрабавала, у тым ліку не ўдалося атрымаць зямель, якія Варшава хацела мець. Тым ня менш Польшча атрымала шматлікія землі, якія ўваходзілі ў склад Прусіі, і стала суб’ектам міжнароднага права.

Хоць Вэрсальскае пагадненьне набыло моц у студзені 1920 году, то аднак было падпісанае некалькімі месяцамі раней – 28 чэрвеня 1919 году. А праца канфэрэнцыі, на якой прапрацоўваўся новы лад у Эўропе й сьвеце, працягвалася некалькі месяцаў. Вось як у 1954 годзе падпісаньне Вэрсальскай мірнай дамовы для Польскай службы Радыё «Свабодная Эўропа» ўспамінаў прафэсар Станіслаў Строньскі, які ў той чэрвеньскі дзень прысутнічаў у Вэрсалі.

Станіслаў Строньскі: У летні прыгожы дзень імчаць з Парыжа ў Вэрсаль аўтамабілі. Але ня кожны ў гэты дзень зможа ўвайсьці ў Вэрсальскі палац – туды можна трапіць толькі са спэцыяльным пропускам. Сярод прысутных – дэлегацыі краін у складзе некалькі чалавек і невялікая група журналістаў. Мы ўваходзім у палац і накіроўваемся ў бок вядомай і доўгай Люстраной залі – Галеры дэ Гляс.

Польшчу ў Вэрсалі прадстаўлялі вядомы кампазытар, піяніст і палітык, пазьнейшы прэм’ер-міністар краіны Ігнацы Падэрэўскі й лідар нацыяналістычнага руху Раман Дмоўскі. Паводле гісторыкаў, палякі мэтанакіравана адправілі ў Францыю ўжо вядомага ў той час у сьвеце Падэрэўскага: яго прозьвішча, бясспрэчна, дапамагло Польшчы адстойваць свае пазыцыі.

У выніку Вэрсальскай дамовы найбольш страціла Нямеччына. У Бэрліна былі адабраныя ўсе калёніі й заморскія ўладаньні.

Паводле дамовы, узброеныя сілы Германіі павінны былі быць абмежаваныя да 100-тысячнай сухапутнай арміі. Абавязковая вайсковая служба адмянялася, а асноўная частка ВМФ, які захаваўся, падлягала перадачы пераможцам. Акрамя таго, былі накладзеныя жорсткія абмежаваньні на будаўніцтва новых баявых караблёў.

Нямеччыне забаранялася мець многія сучасныя віды ўзбраеньня, напрыклад, баявую авіяцыю ды бронетэхніку. Дарэчы, незадаволенасьць вынікамі Вэрсальскага пагадненьня й стала адной з галоўных прычын пачатку Другой сусьветнай вайны, якая, што цікава, і прыпыніла дзеяньне дамовы, падпісанай у 1919 годзе.

У выніку Вэрсальскага пагадненьня Нямеччына была прымушаная заплаціць вялізныя ваенныя рэпарацыі – 269 млрд залатых марак – эквівалент прыкладна 100 тыс. тон золата.

3 кастрычніка 2010 году Германія апошнім траншам у 70 млн эўра завяршыла выплату рэпарацый. Выплаты былі спыненыя пасьля прыходу да ўлады Гітлера й былі зноў адноўленыя ў 1953 годзе.

Валеры Саўко

слухайце далучаны гукавы файл

пры падрыхтоўцы тэмы выкарыстаныя архіўныя матэрыялы Польскага радыё

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт