Logo Polskiego Radia
Print

Інстытут нацыянальнай памяці ўвекавечвае змагароў за незалежнасьць

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 13.01.2019 10:41
80-я гадавіна пачатку Другой сусьветнай вайны, 75-годзьдзе Варшаўскага паўстаньня будуць адзначаны новымі кнігамі і выстаўкамі.
Фота: pixabay.com

30-я гадавіна выбараў 4 чэрвеня 1989 года, 80-я гадавіна пачатку Другой сусьветнай вайны, 75-годзьдзе Варшаўскага паўстаньня будуць адзначаны публікацыямі і выстаўкамі, арганізаванымі Інстытутам нацыянальнай памяці Польшчы ў 2019 годзе.

Кіраўнік ІНП Ярослаў Шарэк гаворыць, што будуць працягнуты дасьледаваньні, прысьвечаныя генацыду палякаў у СССР — так званай Польскай апэрацыі НКУС 1937-1938 гадоў: «Нам удалося падрыхтаваць ня толькі шмат публікацый, але і яшчэ адну выстаўку, якую мы паказваем у Польшчы і ва Ўкраіне, а таксама наладжана супрацоўніцтва з украінскімі дзяржаўнымі архівамі ў Хмяльніцкім, Адэсе і Віньніцы. Выстаўка адкрыецца празь некалькі тыдняў».

Ярослаў Шарэк адзначыў, што 4 чэрвеня 1989 года — адна з самых важных дат на шляху Польшчы да свабоды: «У той дзень мільёны палякаў скарысталіся магчымасьцю прагаласаваць супраць камунізму, супраць сыстэмы ваеннага становішча. Прафсаюз «Салідарнасьць» быў ударам па Ялце, што азначала разбурэньне міжнароднага парадку, заснаванага на дамоўленасьцях аб лёсах нацый бязь іх згоды і падзеле Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы на зоны ўплыву Савецкага Саюза і Захаду. Стаўленьне да камунізму — гэта стаўленьне да элемэнтарных каштоўнасьцей: праўды, свабоды і незалежнасьці. Сёньня мы змагаемся не з інстытуцыянальным камунізмам, хоць дэмантаж шматлікіх яго структур доўжыўся многія гады, аднак застаўся ў многіх галовах. У асноўным гэта канфармізм і адсутнасьць актыўнай грамадзкай пазіцыі ў абарону каштоўнасьцей, важных для нашай краіны і нацыі».

Для ІНП галоўнай тэма дасьледаваньняў, як адзначае Ярослаў Шарэк, зьяўляецца сутнасьць таталітарнай сыстэмы: «Інстытут быў створаны для праверкі архіваў, пакінутых камуністычным апаратам бясьпекі. Дзякуючы ім мы пазнаёміліся са структурамі і мэханізмамі прыгнёту людзей, але, зь іншага боку, мы ўбачылі стойкасьць і гераізм многіх нашых суайчыньнікаў, якія жылі ў той змрочны час».

PAP/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт