Logo Polskiego Radia
Print

Міжнародныя прафсаюзы заклікаюць перанесьці Эўрагульні зь Менска

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.01.2019 08:12
Паводле іх, гэта прымусіць улады палепшыць сытуацыю з правамі чалавека й прафсаюзаў.
Photo: pixabay.com/CC0

Глябальны саюз IndustriALL, Міжнародная й Эўрапейская канфэдэрацыі прафсаюзаў заклікаюць каардынацыйную камісію Эўрапейскіх гульняў 2019 году перанесьці гульні зь Менска з-за парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Сумесны ліст арганізацый на адрас старшыні камісіі Спіраса Капраласа апублікаваны на сайце беларускага прафсаюза РЭП.

Зварот выкліканы „незаконнымі затрыманьнямі журналістаў і правядзеньнем вобыскаў у офісах незалежных інфармацыйных агенцтваў у Беларусі летам мінулага году, а таксама працягам парушэньняў правоў прафсаюзаў”.

„Шэраг прафсаюзаў у Беларусі (члены нашых канфэдэрацый) таксама сутыкаюцца з сур`ёзнымі абмежаваньнямі пры ажыцьцяўленьні сваіх правоў, у прыватнасьці права на свабоду асацыяцыі, — адзначаецца ў лісьце. — У выніку несправядлівага судовага разбору былі асуджаныя нашы калегі, лідары Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (прафсаюза РЭП) Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік. Мы лічым, што рашэньне суду палітычна матываванае й скіраванае на аказаньне націску на кіраўніцтва прафсаюза з мэтай падарваць яго дзейнасьць і перашкодзіць яго актыўнаму ўдзелу ў жыцьці грамадзтва”.

На думку міжнародных прафсаюзаў, перанос спартыўнага мерапрыемства зь Менска „паслужыць магутным сыгналам для беларускіх уладаў, які павінен прымусіць іх палепшыць сытуацыю з правамі чалавека й прафсаюзаў”.

ІІ Эўрапейскія гульні пройдуць у Менску 21—30 чэрвеня.

belapan.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт