Logo Polskiego Radia
Print

Ці ў стане Эўразьвяз узьдзейнічаць на Лукашэнку?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.01.2012 03:07
Інтэрвію з эўрадэпутатам Марэкам Мігальскім.
www.gover.pl

Фота:
Фота: gover.pl

Наш сёньняшні суразмоўца – дэпутат Эўрапейскага парлямэнту Марэк Мігальскі. Ён здабыў вядомасьць сваёй падтрымкай беларускіх плітвязьняў. Шмат у чым дзякуючы зваротам Марэка Мігальскага Зьміцер Бандарэнка атрымаў у турме мэдыцынскую дапамогу, а ўлады Эўразьвязу занепакоіліся лёсам Алеся Бяляцкага. Ці даб’ецца Эўропа вызваленьня беларускіх палітвязьняў і чаго бракуе ў эўразьвязаўскай палітыцы ў стасунку да Беларусі? Пра гэта з дэпутатам размаўляў наш карэспандэнт Аляксандар Папко.

Якія сродкі павінна выкарыстаць Эўропа для вызвалення беларускіх палітвязьняў? Усе мажлівыя ды эфэктыўныя – упэўнена кажа Марэк Мігальскі. Аднак эканамічныя санцыі назваць эфэктыўнымі праблематычна – кажа эўрадэпутат.

М. Мігальскі: Мы ведаем, што санкцыі ўдараць не па Лукашэнцы, а па звычайных людзях. Невядома, ці пагаршэньне эканамічнай сытуацыі выкліча палітычныя праблемы ў Лукашэнкі. Ня трэба забывацца, што нашай агульнай мэтай зьяўляецца паляпшэньне жыцьця беларусаў, у тым ліку іх эканамічнага становішча. Такім чынам, набор сродкаў, якія мы можам выкарыстаць, даволі абмежаваны. Візавыя санкцыі зьяўляюцца хіба што найбольш эфэктыўным інструмэнтам. Таму нам трэба вызначыць пайменна кожнага чыноўніка, як ўдзельнічае ў рэпрэсіях – ад міністра ці пракурора да звычайнага судзьдзі ці рэктара вучэльні, які звальняе студэнтаў за ўдзел у маніфэстацыях.

Арсэнал сродкаў узьдзеяньня на беларускія ўлады малы, але яго трэба эфэктыўней выкарыстоўваць. Тады ён прынясе большыя вынікі – перакананы Марэк Мігальскі. Разам з тым дэпутат спадзяецца, што Лукашэнка зразумее неабходнасьць павароту ў бок Эўропы.

М. Мігальскі: Калі ён стаіць перад дылемай, з кім зьвязаць сваю палітыку ды эканоміку – з Эўропай ці з Расеяй, то няхай паглядзіць, дзе вышэйшы ўзровень жыцьця, тэхналёгіяў. Я думаю, што ён зьяўляецца дастаткова хітрым палітыкам, каб зразумець, што гарантыі, якія дае Эўразьвяз, нашмат мацнейшыя за тыя, якія яму можа даць Мядзьведзеў ці Пуцін.

Палітыцы Эўразьвязу ў стасунку да Беларусі заўсёды не хапала пасьлядоўнасьці – кажа Марэк Мігальскі. Яна заўсёды зьмянялася. Беларусьсю да нядаўняга часу цікавіліся толькі непасрэдныя суседзі. Вялікія краіны не зьвярталі на яе ўвагі, каб не псаваць сваіх адносінаў з Расеяй. Магчыма, з паўстаньнем Эўрапейскай дыпляматычнай службы палітыка Эўразьвязу стане больш прадуманай і стабільнай, аднак гэтага гарантаваць пакуль нельга – канстатуе Марэк Мігальскі.

Палітыка ж Польшчы заўсёды была нашмат больш актыўнай. Аднак эфэктыўнай яе назваць таксама цяжка – лічыць Марэк Мігальскі.

М. Мігальскі: Я даволі крытычна ацэньваю палітыку , якую праводзіў у стасунку да Беларусі цяперашні ўрад. За гэты час у Беларусі адбылося страшэннае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека. У тым ліку пагоршылася сытуацыя польскай нацыянальнай меншасьці. Беларускія ўлады канфіскавалі чарговыя Польскія дамы, перасьледвалі Саюз палякаў, дыскрэдытавалі яго былую старшыню Анжаліку Борыс. Усе тыя намаганьні, якія шчыра прыкладаў польскі ўрад, не прынесьлі жаданых эфэктаў, хутчэй наадварот. Гэта значыць, што інструмэнты, якія выкарыстоўвае Польшча – неэфэктыўныя. Трэба прыцягнуць да працаў над гэтай праблемай экспэртаў як з замежжа, так і з самой Польшчы. У нас шмат добрых спэцыялістаў, якія хочуць дзейнічаць, але цяперашні ўрад не дапускае іх да працы.

Як Польшча, так і іншыя эўрапейскія краіны павінныя выдзяляць больш сродкаў на стыпэндыі для беларускіх студэнтаў і навукоўцаў, на паездкі для моладзі, а таксама падтрымліваць незалежныя СМІ – падкрэсьліў Марэк Мігальскі.

М. Мігальскі: Шкада, што не так даўно мы былі сьведкамі фінансавага “замаху” на жыцьцё тэлеканалу “Белсат”. Польскі ўрад ледзьве не загубіў канал, бо раптам аказалася, што ня яго не хапае грошай. Гэта зусім не вялікія сродкі й Польшча можа дазволіць сабе фінансаваць “Белсат”. У інтарэсах Польшчы і Эўразьвязу, каб беларусы прыязджалі да нас, куплялі нашыя тавары, жылі ў нас, глядзелі на нармальнае жыцьцё. Вяртаючыся дадому, яны заўважаюць, у якой палітычнай “рэзэрвацыі” яны насамрэч жывуць. І гэта не віна беларусаў, а віна таго, хто называе сябе іх прэзыдэнтам.

Нядаўна беларускія цэнтры ў замежжы ўручылі Марэку Мігальскаму ўзнагароду “Знак салідарнасьці” за дапамогу, якую ён аказваў палітвязьням. Як сам палітык ставіцца да ўзнагароды?

М. Мігальскі: Гэта даволі незвычайная сытуацыя, бо тое, што я раблю для Беларусі ці грамадзянскай супольнасьці Расеі, зьяўляецца маім непасрэдным абавязкам дэпутата. У Эўрапейскім парлямэнце я працую ў дэлегацыях па стасунках зь Беларусьсю ды Расеяй. За сваю актыўную дзейнасьць я атрымліваю ад эўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў заробак. Канешне, мне вельмі прыемна, што мая праца была ацэненая, але паўжартам-паўсурёзна кажу, што атрымаў гэтую ўзнагароду памылкова. Нельга ўзнагароджваць палітыка за тое, што ён у меру старанна выконвае сваю працу. Я проста выконваў свае абавязкі. Маю надзею, што рабіў гэта добрасумленна.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт