Logo Polskiego Radia
Print

“Мы не забудзем пра нашых братоў у Беларусі”

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 23.04.2012 10:32
Некалькі тысяч чалавек прынялі ўдзел у канцэрце “Салідарныя зь Беларусьсю” ў Варшаве.

PAP/Tomasz
PAP/Tomasz Gzell

“Свабода пераможа, бо беларусы й іх культура гэтага заслугоўваюць” – з такімі словамі зьвярнуўся ўчора да ўдзельнікаў канцэрту “Салідарныя зь Беларусьсю” першы прэм’ер незалежнай Польшчы Тадэвуш Мазавецкі.

На канцэрце каля Палацу культуры й навукі ў польскай сталіцы выступілі разам польскія й беларускія зоркі: R.U.T.A., Maleo Reggae Rockers, Vavamuffin, Vinsent, Зьміцер Вайцюшкевіч, Рэха. На пляцоўцы перад сцэнай сабралася некалькі тысяч чалавек, многія зь іх трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі.

Перад публікай выступіў таксама былы старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк. Ён нагадаў, што ў часы камунізму ў Польшчы заходнія музыкі таксама ладзілі канцэрты салідарнасьці з палякамі. Палітык выказаў спадзяваньне, што ўжо неўзабаве Польшча будзе жыць побач з вольнай Беларусьсю.

За салідарнасьць зь Беларусьсю палякам са сцэны дзякавалі дачка вызваленага нядаўна палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі Юлія й грамадзкі дзеяч Франак Вячорка.

Канцэрты салідарнасьці зь Беларусьсю адбываюцца ў Польшчы ад 2006 году.

дг

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт