Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія левыя супраць дэкрэта № 9

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 11.12.2012 12:11
Беларуская партыя левых "Справядлівы сьвет" патрабуе адмены дэкрэта № 9 як антыканстытуцыйнага.

/

Пра гэта гаворыцца ў заяве бюро ЦК партыі.

Як лічыць "Справядлівы сьвет", дакумэнт яўна супярэчыць нормам Канстытуцыі. "Новы дэкрэт робіць залежнасьць работніка ад наймальніка яшчэ больш рабскай", — гаворыцца ў заяве. Ім устаноўлена, што кантракты, заключаныя з работнікамі да таго, як дэкрэт № 9 набыў моц, "пасьля заканчэньня тэрміну іх дзеяньня прадаўжаюцца ў межах максымальнага тэрміну іх дзеяньня, а пасьля заканчэньня максымальнага тэрміну іх дзеяньня заключаюцца новыя кантракты на пэрыяд рэалізацыі інвэстыцыйнага праекта". Скасаваньне кантракта ў пэрыяд рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў па ініцыятыве работніка зараз магчыма толькі са згоды наймальніка.

"Такім чынам, дэкрэтам забараняецца самастойная адмова работніка ад заключэньня ці прадаўжэньня кантракта й звальненьне ў выпадку нязгоды са зьмяненьнем істотных умоў працы ці пасьля заканчэньня тэрміну кантракта", — падкрэсьлівае партыя "Справядлівы сьвет".

Як нагадваецца ў заяве, айчыннае заканадаўства гарантуе кожнаму чалавеку права на свабодны выбар працы, на справядлівыя й спрыяльныя ўмовы працы. "Артыкул 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь наўпрост забараняе прымусовую працу, акрамя працы ці службы, вызначанай прыгаворам суда ці ў адпаведнасьці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы", — нагадвае партыя.

"На падставе выкладзенага партыя "Справядлівы сьвет" кваліфікуе дэкрэт № 9 як чарговую антыканстытуцыйную спробу кіруючага рэжыму вырашыць праблемы, якія ўзніклі ў выніку правядзеньня бяздарнай эканамічнай палітыкі й прымітыўнага дзяржаўнага кіраваньня, за кошт работнікаў — шляхам гвалтоўнай прывязкі іх да неэфэктыўных і беспэрспэктыўных вытворчасьцяў, дзе выплачваюцца нізкія зарплаты й не забясьпечваецца належны ўзровень сацыяльнай абароны. У гэтых мэтах прэзыдэнт і ўрад ідуць на грубае парушэньне Канстытуцыі краіны й абавязацельстваў, прынятых Рэспублікай Беларусь у межах міжнароднага заканадаўства", — гаворыцца ў дакумэнце.

Як паведаміў БелаПАН намесьнік старшыні партыі Валеры Ўхналёў, партыя накіруе гэту заяву ў Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі, "каб яны зьвярнулі ўвагу на гэту праблему й заняліся гэтым пытаньнем". Што ж датычыцца Канстытуцыйнага суда, то Ўхналёў растлумачыў, што палітычныя партыі не зьяўляюцца тым суб'ектам, якія могуць ініцыяваць разгляд дэкрэта на адпаведнасьць Асноўнаму закону ў Канстытуцыйным судзе. "Аднак сам суд можа па ўласнай ініцыятыве ініцыяваць разгляд гэтага пытаньня. Таму мы зьвернемся ў КС зь лістом з просьбай самастойна разгледзець гэты дэкрэт на адпаведнасьць Канстытуцыі", — заявіў Ухналёў.

БелаПАН/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт