Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы не пускаюць украінскія цукеркі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 20.04.2013 10:34
Беларуская мытня прыпыніла пропуск праз мяжу кандытарскіх вырабаў з Украіны – заяўляе прэзыдэнт асацыяцыі "Укркондпром".

Экспарт з Украіны практычна ўсіх відаў кандытарскіх вырабаў у Беларусь з пачатку красавіка не ажыцьцяўляецца, паколькі беларускія мытныя службы прыпынілі іх афармленьне й пропуск праз мяжу, паведаміў прэзыдэнт асацыяцыі "Укркондпром" Аляксандар Балдынюк.

"З пачатку месяца цалкам прыпынены экспарт кандытарскіх вырабаў у Беларусь. Гэтая праблема закранула ўсе ўкраінскія прадпрыемствы, якія пастаўляюць у Беларусь цукровыя й шакалядныя кандытарскія вырабы", - сказаў ён агенцтву "Інтэрфакс-Украіна".

Па словах Балдынюка, да ўкраінскай кандытарскай прадукцыі прымяняецца ўзмоцнены мытны кантроль, які дазваляе затрымліваць груз на мытні да 20 дзён з магчымасьцю падаўжэньня гэтага тэрміну. Ён адзначыў, што Ўкраіна ў год экспартуе ў Беларусь цукрыстых і шакалядных кандытарскіх вырабаў на суму 0,5 мільярдаў грывен.

"Такім чынам, нашыя месячныя страты складаюць 40-50 мльн грн, магчыма, і больш, паколькі цяпер час пікавых продажаў напярэдадні велікодных сьвятаў", - падкрэсьліў прэзыдэнт асацыяцыі "Укркондпром".

Экспэрт упэўнены, што беларускі бок блякуе пастаўкі ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў, каб выцісьнуць іх на пэрыяд пікавых продажаў.

Інтэрфакс/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт