Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь пазычыць грошы, каб аддаць пазыкі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 06.09.2014 13:00
Паводле зьвестак на 1 жніўня замежная пазыка краіны складала $13,2 мільярда.

Міністэрства фінансаў заяўляе, што ў 2015 годзе Беларусь пачне аддаваць замежныя пазыкі - гэта адзін з прыярытэтаў у бюджэце. Але значную частку грошай прыйдзецца на гэта зноў пазычыць. Пакуль невядома, пад які працэнт і на якіх умовах.

У праекце бюджэту на наступны год закладзена, што Беларусь накіруе $4 мільярды на выплату замежнай пазыкі. З гэтай сумы $1 мільярд - гэта працэнты. „Дзеля пагашэньня будуць прыцягнутыя незьвязаныя замежныя крэдытныя рэсурсы, у тым ліку міждзяржаўныя крэдыты на суму блізу $1 мільярда”, - паведаміў першы намесьнік міністра фінансаў Уладзімір Амарын.

Яшчэ $1,5 мільярда дзяржава спадзяецца выплаціць з паступленьняў ад экспартных пошлін на нафтапрадукты, а таксама $582 мільёны - з даходаў ад продажу нафты. Дзе Мінфін зьбіраецца ўзяць яшчэ $1 мільярд, пакуль невядома.

Планы накіраваць на пазыкі $4 мільярды на першы погляд выглядаюць амбіцыйнымі. Аднак толькі за першае паўгоддзе 2014 Беларусь заплаціла замежных пазыкаў блізу $2 мільярдаў, што, у сваю чаргу, таксама не зьяўляецца дасягненьнем: за гэтыя ж 6 месяцаў дзяржава пазычыла амаль $3 мільярды.

Агулам першае паўгоддзе прынесла Беларусі толькі новыя пазыкі - замежная дзяржаўная пазыка паводле зьвестак на 1 жніўня 2014 павялічылася больш чым на $700 мільёнаў. У сярэднім дзяржаўная пазыка з разьліку на кожнага беларуса вырасла на $74 і склала $1320. Паводле дадзеных на 1 жніўня замежная пазыка Беларусі склала $13,2 мільярда.

belsat.eu/charter97.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт