Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь дагнала Расею па экспарце калійных угнаеньняў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 18.10.2014 13:45
Пра гэта паведамляюць прадстаўнікі ААТ „Беларуская калійная кампанія”.
belta.bybelta.by

Беларусь дагнала Расею па экспарце калійных угнаеньняў, паведамілі ў ААТ „Беларуская калійная кампанія”.

Экспарт беларускіх калійных угнаеньняў за студзень-жнівень бягучага году склаў 6,5 млн т. У той жа час, згодна са зьвесткамі Фэдэральнай мытнай службы Расеі, экспарт ААТ „Уралкалій” за восем месяцаў крыху перавысіў 6,5 млн т.

У БКК таксама зьвярнулі ўвагу, што дынаміка застаецца пазытыўнай. Паводле даных беларускай кампаніі, за студзень-верасень 2014 году экспарт беларускіх калійных угнаеньняў склаў 7,3 млн т, што больш як на 60% перавышае паказчык аналягічнага пэрыяду мінулага году. Толькі за трэці квартал 2014 году было экспартавана 2,4 млн т беларускага калію (прырост у два разы да ўзроўню трэцяга квартала 2013-га).

Як паведаміла генэральны дырэктар Беларускай калійнай кампаніі (БКК) Алена Кудравец, экспарт беларускіх калійных угнаеньняў у 2014 годзе можа перасягнуць 9 млн т. „Такога ў гісторыі кампаніі не было - гэта прыкладна на 1 млн т больш за папярэднія нашы дасягненьні”, - адзначыла яна.

ААТ „Беларуськалій” - адзін з буйнейшых вытворцаў і экспартэраў калійных угнаеньняў у сьвеце, экспартуе прадукцыю ў 80 краін.

belta.by/аз




Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт