Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь і Польшча будуць сумесна разьвіваць гістарычны й дзелавы турызм

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 06.11.2014 13:51
Гэта вынік паседжаньня беларуска-польскай рабочай групы па турызме.

/

Беларусь і Польшча будуць сумесна разьвіваць гістарычны й дзелавы турызм. Аб гэтым журналістам паведаміў намесьнік міністра спорту й турызму Беларусі Часлаў Шульга па выніках паседжаньня беларуска-польскай рабочай групы па турызме.

Акрамя таго, краіны маюць намер прыцягваць турыстаў з дапамогай камбінаваных тураў. „Гэта датычыцца ў першую чаргу гасьцей з далёкага замежжа, у прыватнасьці Паўднёва-Усходняй Азіі. Калі турысты зь Кітая, Паўднёвай Карэі, Японіі прылятаюць у Польшчу, то яны маглі б прадоўжыць сваё падарожжа ў Беларусі”, - растлумачыў намесьнік міністра.

Беларусь і Польшча дамовіліся больш актыўна папулярызаваць турыстычныя брэнды Белавескай пушчы й Аўгустоўскага канала.

У 2013 годзе паток польскіх турыстаў у Беларусь вырас амаль на 20% у параўнаньні з 2012 годам, экспарт турыстычных паслуг таксама павялічыўся практычна на 20%.

Што датычыцца беларускіх турыстаў у Польшчы, то iх колькасьць у мінулым годзе павялічылася больш як на 10%.

Гаворачы аб рэпутацыі беларускіх падарожнікаў, намесьнік міністра спорту й турызму Польшчы Катаржына Сабірайска адзначыла: „Беларусы — цудоўныя турысты, і мы заўсёды рады бачыць іх у сябе ў краіне. Цяпер у рэйтынгу наведваньняў нашай краіны беларусы займаюць трэцяе месца пасьля немцаў і ўкраінцаў”.

Пасьля паседжаньня беларуска-польскай рабочай групы адбылася прэзэнтацыя турыстычных магчымасьцей Польшчы. Плянуецца, што аналягічная прэзэнтацыя прадстаўнікоў беларускай туріндустрыі пройдзе ў Польшчы ў 2015 годзе.

БелТА/nn.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт