Logo Polskiego Radia
Print

У Менску пройдзе першы эўразійскі навуковы форум маладых вучоных

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.01.2015 15:00
У ім будуць удзельнічаць навукоўцы зь Беларусі, Расеі, Казахстана й Армэніі.

Першы эўразійскі навуковы форум маладых вучоных пройдзе ў Менску ў сьнежні 2015 году, паведаміў першы намесьнік старшыні Прэзыдыума НАН Сяргей Чыжык.

„Напрамкаў вылучана тры: матэрыялазнаўства, навукі аб жыцьці, гуманітарныя й сацыяльныя навукі”, - адзначыў Сяргей Чыжык.

Паводле яго, у першую чаргу будуць прадстаўлены вынікі міждысцыплінарных дасьледаваньняў маладых вучоных, якія працуюць у галінах нана- і фармбіятэхналёгій, распрацоўка новых матэрыялаў рознага функцыянальнага прызначэньня, а таксама ў галіне сацыяльных і эканамічных зьяў, што назіраюцца пры інтэграцыйных працэсах на міждзяржаўным узроўні (Саюзная дзяржава, Мытны саюз, Эўразійскі эканамічны саюз і інш.).

Сяргей Чыжык адзначыў, што паколькі гэта эўразійскі форум, то перш за ўсё плянуецца ўдзел маладых вучоных зь Беларусі, Расеі, Казахстана й Армэніі.

Пры гэтым першы намесьнік старшыні Прэзыдыума НАН падкрэсьліў, што ў 2015 годзе, які аб'яўлены ў Беларусі Годам моладзі, акадэмія навук плянуе ўдзяляць яшчэ больш увагі маладым вучоным.

„Мы разумеем, што трэба ствараць максымальна добразычлівыя, ільготныя ўмовы, з добрым мікракліматам, якія садзейнічаюць творчаму працэсу”, - адзначыў ён.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт