Logo Polskiego Radia
Print

Расея пагражае Беларусі скарачэньнем паставак нафты

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.05.2015 12:40
Пра гэта папярэдзіў кіраўнік Мінэнэрга Расеі Аляксандр Новак.
Фота: e-reading.org.uaФота: e-reading.org.ua

Мінэнэрга Расеі лічыць магчымым абмежаваньні паставак нафты ў Беларусь з-за невыкананьня ёю абавязацельстваў па пастаўках нафтапрадуктаў. Пра гэта заявіў кіраўнік ведамства Аляксандр Новак, паведамляе агенцтва „РИА Новости”.

Днямі намесьнік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Ігар Бабыр паведаміў, што Беларусь пакуль не пастаўляе нафтапрадукты ў Расею. Ён нагадаў, што па дасягнутай дамоўленасьці пастаўкі паліва ажыцьцяўляюцца тады, калі гэта выгадна беларускім нафтаперапрацоўшчыкам і ў цэлым краіне.

Ігар Бабыр таксама анансаваў пачатак у бліжэйшыя дні перамоваў з Расеяй аб пастаўках нафты на 2016-ы й наступныя гады: „Усё будзе добра, мы дамовімся”, - запэўніў ён.

Пастаўкі нафты й бэнзіну - адна з двухбаковых дамоўленасьцей паміж Менскам і Масквой у межах стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюза. То бок Расея абавязалася пастаўляць Беларусі нафту па ўнутраных цэнах, а Беларусь Расеі — нафтапрадукты. Згодна з плянам на 2015 год, Расея павінна паставіць 23 мільёна тон нафты, Беларусь – 1 мільён 800 тысяч тон нафтапрадуктаў.

У першым квартале 2015 году Беларусь зьнізіла экспарт нафтапрадуктаў у Расею амаль у тры разы ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага года — да 154,4 тысячы тон. Пастаўкі ў краіну нафты за квартал вырасьлі на 3,9%, то бок да 5 мільёнаў 635 тысяч тон.

Пляны Менска зьмяніліся з-за дэвальвацыі расейскага рубля й зьніжэньня коштаў на нафту. Беларусі больш выгадна пастаўляць бэнзін у заходнія краіны і Ўкраіну.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт