Беларускія навукоўцы эвакууюць...унікальны мох
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
14.08.2015 19:01
Папуляцыі цынклідотуса дунайскага пагражае затапленьне праз пабудову плаціны.
Фота: http://milueth.blogspot.com
У Віцебскім раёне праходзіць акцыя па выратаваньні папуляцыі вадзянога моху цынклідотуса дунайскага – паведамляе інфармацыйнае агенцтва interfax.
Гэты від знаходзіцца ў Беларусі на мяжы зьнікненьня. Адзінае ў краіне месцазнаходжаньне гэтага вадзянога моху – гэта далямітавыя парогі паблізу гарадзкога пасёлку Руба. Парогі пад Віцебскам таксама зьяўляюцца адзіным месцазнаходжаньнем дадзенага віду ва ўсёй Усходняй Эўропе. Апошняе вядомае месцазнаходжаньне цынклідотусу было зьнішчана ў ходзе будаўніцтва і эксплюатацыі гідраэлектрастанцыі ў Латвіі.
Каб уратаваць унікальны мох, беларускія навукоўцы з Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі Акадэміі навук і Віцебскага батанічнага саду дастануць кавалкі далямітавых скалаў, парослыя цынклідотусам, а затым пры дапамозе цяжкой тэхнікі перамясьцяць іх на альтэрнатыўны ўчастак ракі з падобнымі ўмовамі. Участкі ўжо падабраныя. Яны знаходзяцца на рацэ Аўсянка ў Гарадоцкім раёне
Віцебская гідраэлектрастанцыя будуецца на Заходняй Дзьвіне, непадалёк ад абласнога цэнтра. Пасьля завяршэньня будаўніцтва яна стане найбуйнейшай ГЭС у Беларусі.
interfax.by/ап