Logo Polskiego Radia
Print

Праваабаронцы: Выбарчы працэс не адпавядаў стандартам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.10.2015 14:52
Не было роўнага доступу кандыдатаў да смі, нэўтральных выбарчых камісій, назіраліся факты прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні.

/

Праваабаронцы таксама падсумавалі маніторынг выбараў, якія адбыліся 11 кастрычніка. Меркаваньнем намесьніка старшыні Правабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча, выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзеньня выбараў: не было роўнага доступу ўсіх кандыдатаў да сродкаў масавай інфармацыі, нэўтральных выбарчых камісій, назіраліся шматлікія факты прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні.

В. Стэфановіч: Прымушваньне да датэрміновага галасаваньня, актыўная мабілізацыя выбаршчыкаў з боку дзяржаўных прадпрыемстваў, навучальных устаноў. 36% прыняло ўдзел у датэрміновым галасаваньні – гэта найбольш з 2001 году. Працэдура датэрміновага галасаваньня, якая заканадаўствам прадугледжана як выключэньне з правілаў, у нас становіцца правілам.

Найбольш праблемная частка выбарчага працэсу – гэта падлік галасоў. Праваабаронцы перад выбарамі ўносілі свае прапановы, якім чынам павысіць давер грамадзян да працэсу галасаваньня, яго празрыстасьці. Галоўнае – такая працэдура падліку бюлетэняў, якая была б зразумелая і выклікала давер як у назіральнікаў, так і сябраў камісій, якія павінны разумець, што яны падпісваюць. Цэнтрвыбаркам не згадзіўся на зьмены, спасылаючыся на аўтаномнасьць кожнай участковай камісіі, з чым зусім ня згодны старшыня грамадзкай арганізацыі «Беларускі Хэльсінскі Камітэт» Алег Гулак.

А. Гулак: Цэнтрвыбаркам мае права прыняць рашэньне за кожную камісію. Калі мы аналізуем справаздачы назіральнікаў, то бачым, што нашы назіральнікі не зафіксавалі ніводнага выпадку, калі падлік вёўся зразумелым, празрыстым чынам, які ў выніку прывёў бы да таго, што самі назіральнікі казалі б: «У нас на ўчастку ўсё падлічана правільна».

Гэта віна выключна органаў цэнтральнай адміністрацыі – дадае Алег Гулак. Віна таго, што на беларускіх выбарах у чарговы раз няма даверу да вынікаў галасаваньня, агучаных Цэнтральнай выбарчай камісіяй.

Праваабарончы цэнтр «Вясна»/нг


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт