Logo Polskiego Radia
Print

А. Бяляцкі: Патэнцыял для зьменаў у Беларусі вельмі высокі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.11.2015 09:29
Беларускі праваабаронца выступіў у Вашынгтоне на канфэрэнцыі арганізацыі Freedom House.

Беларусь і Казахстан сталі галоўнымі тэмамі дыскусіі, арганізаванай у Вашынгтоне праваабарончай арганізацыяй Freedom House. «Перашкоды або прыступкі для грамадзянскай супольнасці ў Эўразіі. Важныя галасы з месцаў падзей» - пад такой назвай прайшло абмеркаваньне, на якім зь Беларусі ў якасьці экспэрта выступіў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі адзначыў, што патэнцыял для зьменаў у Беларусі вельмі высокі: дзейнічаюць незалежныя НДА, сродкі масавай інфармацыі, прафсаюзы. Пры гэтым праваабаронца выказаў упэўненасьць, што зьмены ня прыйдуць ад уладаў: «аўтарытарызм падобны ўсюды і ня будзе сам капаць сабе яму».

Алесь Бяляцкі звярнуў увагу, што Беларусь варта залічваць не да Эўраазіяцкага рэгіёну, а разам з Малдовай і Украінай - да рэгіёну Эўропы. Будучыню Беларусі будуць вызначаць беларусы, і кірунак гэтага выбару натуральным чынам паказвае на Захад.

Адказваючы на пытанні аб дынаміцы стасункаў дэмакратычнага Захаду і аўтарытарнай Беларусі, Алесь Бяляцкі выказаў расчараваньне тым, што санкцыі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі былі прыпыненыя пры тым, што выстаўленыя Захадам умовы не былі выкананыя за выключэньнем вызваленьня палітвязняў.

«Мы чакаем і ад ЭЗ і ЗША працягу ціску на беларускія ўлады з мэтай пашырэньня дэмакратычнай прасторы і свабодаў у Беларусі, - заявіў беларускі праваабаронца. - Беларускія ўлады больш маюць патрэбу ў добрых стасунках з ЗША і ЭЗ, чым наадварот. Эканамічны крызыс, недавер паміж Беларусьсю і Расеяй, недахоп альтэрнатыў прымушаюць улады шукаць кропку апоры на Захадзе».

У пошуку фінансаваньня беларускія ўлады цяпер вядуць перамовы з МВФ. У гэтай сувязі вельмі важна, адзначыў Бяляцкі, «каб гэтыя грошы не пайшлі на ўмацаваньне рэжыму, а былі накіраваныя на структурныя эканамічныя зьмены, цесна звязаныя з грамадзка-палітычнымі зьменамі».

“Голас Амэрыкі”/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт